Беларусь знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты



Беларусь 1 траўня знізіла экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты, якія вывозяцца за межы мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

Адпаведную пастанову № 313 Савет міністраў прыняў 29 красавіка.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту зніжаная з 88,9 да 84 даляраў за тону. Пошліна на прамагонны бензін зніжаная з 48,8 да 46,2 даляра за тону, на таварныя бензіны — з 26,6 да 25,2 даляра за тону.

Пошліна на лёгкія, сярэднія дыстыляты склала 25,2 даляра за тону (раней 26,6). Такая ж пошліна ўстаноўленая на дызельнае паліва, бензол, талуол, ксілол, змазачныя і іншыя масла.

Папярэдні раз стаўкі вывазных мытных пошлін на сырую нафту і асобныя катэгорыі тавараў, выпрацаваных з нафты, змяняліся 1 красавіка. Тады яны таксама былі зніжаныя.

belapan.by