Беларусбанк увёў абмежаванні на зняцце грошай за мяжой



Беларусбанк увёў часовыя абмежаванні на зняцце наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем міжнародных плацежных картак банка ў замежных краінах, паведамілі ў прэс-службе Беларусбанка.

«У сувязі з інфармацыяй, якая паступіла ад міжнародных плацежных сістэм, пра павелічэнне колькасці махлярскіх аперацый у шэрагу замежных краін у мэтах абароны інтарэсаў трымальнікаў картак (юрыдычных і фізічных асоб) Беларусбанк увёў часовыя абмежаванні на зняцце наяўных грашовых сродкаў з выкарыстаннем міжнародных плацежных картак банка, у тым ліку крэдытных», — адзначылі спецыялісты.

Зняцце наяўных грошай у банкаматах з дапамогай банкаўскіх картак, у якіх змешчаны мікрапрацэсар (чып) і магнітная паласа, прыпынена да 20 кастрычніка 2017 года ў некаторых краінах далёкага замежжа. Калі гаварыць аб картках MasterCard, то гэта Камбоджа, Ганконг, Малайзія, Непал, Філіпіны, В’етнам, Паўднёвая Карэя, Індыя, Інданезія, Тайланд, Тайвань, Кітай, Японія, ЗША. Што датычыцца VISA і Maestro, то гэта Непал, Індыя, Інданезія, Тайланд, Тайвань, Кітай, Японія і ЗША.

Ажыццяўленне аперацый зняцця наяўных у банкаматах з плацежных картак фізічных асоб, выпушчаных толькі з магнітнай паласой, часова прыпынена ва ўсіх замежных краінах.

Абмежаванні не распаўсюджваюцца на безнаяўныя аперацыі з выкарыстаннем картак у пунктах гандлю і сэрвісу. Выключэнне складаюць аперацыі аплаты на АЗС на тэрыторыі ЗША, дзе ўстаноўлены ліміт не больш за $100 у эквіваленце на працягу 24 гадзін.

«Пры неабходнасці забарона на ажыццяўленне аперацый зняцця наяўных грошай у банкаматах можа быць адменена на перыяд знаходжання трымальніка карткі ў гэтых краінах», — адзначылі ў прэс-службе Беларусбанка. Пры гэтым зняцце наяўных будзе магчыма на суму не большую за $150 у эквіваленце на працягу 24 гадзін. Для гэтага трэба загадзя звярнуцца з пісьмовай заявай ва ўстанову банка, у якой адкрыты рахунак і была выдадзена картка.

Акрамя таго, у Беларусбанку звярнулі ўвагу, што міжнародныя плацежныя сістэмы Visa і MasterCard часова прыпынілі абслугоўванне сваіх картак на тэрыторыі Крыма.

БелТА