Беларускі экспарт скараціўся амаль на 20%



З пачатку году беларускі экспарт скараціўся амаль на 20%. Пра гэта сведчаць афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Параўнальна з тым жа леташнім перыядам продаж беларускай прадукцыі за межы краіны сёлета склаў 81,5 працэнта.

„Каб зразумець, што стаіць за гэтай лічбай, трэба найперш ведаць структуру беларускага экспарту, — кажа эксперт Ліберальнага клуба Антон Болтачка. — А яна такая, што асноўны спад падае на прамысловыя прадпрыемствы, чыя вытворчасць звычайна накіроўваецца ў бок Расеі. Гэта найперш — трактары, грузавыя аўтамабілі і сельскагаспадарчая тэхніка”.

На думку адмыслоўца, гэты працэс аб’ектыўны, бо ён звязаны з падзеннем попыту на замежныя тавары ў Расеі. Працэс цягнецца ўжо больш за паўтара года і канца яму пакуль не відаць. Але зразумела, што ён спыніцца толькі пасля таго, як ажыве эканоміка Расейскай Федэрацыі.