Беларускі рубель знізіўся да расейскага, умацаваўся да даляра і еўра



На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 6 кастрычніка 2016 года беларускі рубель вырас да даляра ЗША і еўра, знізіўся да расейскага рубля.

Па выніках таргоў курс еўра знізіўся на 0,0059 рубля (0,27%) і склаў 2,1451 рубля.

Курс даляра знізіўся на 0,002 рубля (0,1%) і склаў 1,9156 рубля.

Курс расейскага рубля (за 100 адзінак) вырас на 0,0004 рубля (0%) і склаў 3,0705 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расейскага рубля складае 40%, а долі даляра ЗША і еўра — 30% кожная.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. На баку расейскага рубля высокі ўзровень нафтавых цэн на фоне зніжэння запасаў нафты ў ЗША і спадзяванняў на рэалізацыю дамоўленасцяў краін АПЕК па скарачэнні здабычы. Нафта маркі Brent да поўдня чацвярга таргавалася каля адзнакі 51,8 даляра за бараль.

У Расеі сярэдняўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, па якім устанаўліваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 чацвярга знізіўся на 6,83 капейкі, склаўшы 62,3900 рубля.

belapan.by