Беларускія банкі зніжаюць стаўкі па ўкладах насельніцтва



Па ўсіх дэпазітах насельніцтва (безадзыўныя і адзыўныя) камерцыйныя банкі 1 траўня знізяць максімальны памер працэнтных ставак. Паводле інфармацыі БелаПАН, адпаведныя рэкамендацыі банкі атрымалі на гэтым тыдні ад Нацыянальнага банка.

Паводле ліста рэгулятара, максімальная стаўка па безадзыўных доўгатэрміновых (з тэрмінам размяшчэння звыш шасці месяцаў) укладах фізічных асоб павінна знізіцца з 30 да 27% гадавых.

Па безадзыўных укладах з тэрмінам размяшчэння ад аднаго да шасці месяцаў Нацыянальны банк рэкамендуе ўстанаўліваць даходнасць не вышэйшую за 24,3% гадавых.

Па адзыўныя укладах насельніцтва камерцыйныя банкі, выконваючы рэкамендацыі Нацбанка, знізяць максімальныя працэнтныя стаўкі 1 траўня з 25 да 21,6% гадавых.

Акрамя таго, Нацбанк рэкамендуе камерцыйным банкам знізіць максімальныя стаўкі па ўкладах юрыдычных асоб (прадпрыемстваў). Рэалізаваць гэтае рашэнне прапануецца ў два этапы. 1 траўня максімальная стаўка па рублёвых укладах юрасоб з тэрмінам размяшчэння да аднаго месяца павінна знізіцца з 12 да 10,8% гадавых, а 1 чэрвеня банкам рэкамендавана зменшыць стаўкі па ўсіх астатніх дэпазітах для карпаратыўных кліентаў.

Так, максімальная стаўка па безадзыўных рублёвых дэпазітах юрыдычных асоб на тэрмін звыш шасці месяцаў летам знізіцца з цяперашніх 27 да 21,6% гадавых.

Па рублёвых безадзыўных укладах юрасоб з тэрмінам ад аднаго да шасці месяцаў максімальную стаўку банкі павінны знізіць з 24 да 18,9% гадавых. Па адзыўныя укладах юрыдычных асоб у нацвалюце максімальная стаўка з чэрвеня складзе 16,2% гадавых.

Нагадаем, з 2015 года Нацбанк рэгулюе максімальны ўзровень працэнтных ставак па ўкладах, накіроўваючы адпаведныя рэкамендацыі камерцыйным банкам. На думку экспертаў, адміністрацыйна змяншаючы стаўкі на грашовым рынку, рэгулятар імкнецца знізіць кошт крэдытных рэсурсаў для прадпрыемстваў.

Ва ўказе кіраўніка дзяржавы № 78, прынятым у сакавіку, ураду і Нацбанку даручана забяспечыць „паступальнае зніжэнне ставак па крэдытах у эканоміцы”. Разам з тым фінансавыя аналітыкі выказваюць меркаванне, што такое хуткае зніжэнне працэнтных ставак з’яўляецца заўчасным.

„Запаволенне інфляцыі мы бачылі пакуль толькі ў сакавіку, спыненне адтоку рублёвых укладаў, які назіраўся дзевяць месяцаў, мы таксама бачылі пакуль толькі адзін месяц (у сакавіку). Таму мэтазгоднасць у цяперашніх умовах досыць хуткага зніжэння працэнтных ставак па ўкладах выклікае сумневы”, — лічыць старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб. На думку эксперта, значнае зніжэнне працэнтных ставак „будзе павялічваць долю тых рублёвых ўкладчыкаў, якія захочуць забраць з сістэмы свае зберажэнні”.