Беларусы не вытрымліваюць канкурэнцыі



На Гарадзеншчыне павялічваецца колькасць неплацежаздольных дзяржаўных арганізацый. Калі на пачатку года іх было 317, то цяпер  – 327, што складае амаль 38% ад агульнай колькасці.

Найбольш арганізацый з адмоўным фінансава-эканамічным становішчам адзначанаецца  ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і гандлі. Прычым, амаль траціна – у прамысловасці (металаапрацоўка і машынабудаўніцтва). Па словах старшыні Свабоднага прафсаюза металістаў Аляксандра Бухвостава, гэта цалкам абгрунтавана:

– Увесь час на цябе ціснуць, патрабуючы аб’ёмаў вытворчасці, але не цікавяцца тым, каму гэтыя аб’ёмы патрэбныя, дзе іх рэалізоўваць? Расейскі рынак зараз некалькі звузіў свае магчымасці, а канкурэнцыя на расейскім рынку расце, там усе транснацыянальныя карпарацыі зараз працуюць. Таму, зразумела, беларусы не вытрымліваюць канкурэнцыі.

На працягу года сумарная запазычанасць арганізацый Гарадзенскай вобласці павялічылася больш як на 30% і складае амаль шэсць мільярдаў даляраў. Запазычанасці перад банкаўскімі ўстановамі па крэдытах, якія ідуць на выплаты заробкаў працоўным, перавысілі 4 мільярды даляраў. Палова гэтай сумы прыходзіцца на прамысловыя прадпрыемствы Прынёманскага рэгіёна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота bymedia.net