Берасцейская вобласць – самая бедная ў краіне



Берасцейская вобласць – самая бедная ў краіне. Пра гэта сведчаць апошнія звесткі статыстыкі. Толькі летась колькасць бедных у Беларусі павялічылася на шэсць дзясятых працэнта, у берасцейскай вобласці – на дзевяць дзясятых. За рысай беднасці сёлета апынулася на Берасцейшчыне амаль 8 працэнтаў грамадзян, іх даход меншы за бюджэт пражытковага мінімуму. Старшыня берасцейскай абласной арганізацыі Незалежных Прафсаюзаў Беларусі Валянцін Лазарэнкаў лічыць, што гэта вынік адсутнасці магчымасці для развіцця бізнесу ў рэгіёне:

— Берасцейская вобласць ніколі такая прамысловая і не была, яна вельмі добра выглядала з гледзішча мяса-малочнай вытворчасці і прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі. Але сельская гаспадарка яна ж таксама не прыватная і на сённяшні дзень гэта адна з найбольшых праблемаў — утрымаць. Бо больш за палову сельскагаспадарчых прадпрыемстваў ў даўгах і частка з іх сёння не выплачваюць грошы.

Як адзначае Валянцін Лазарэнкаў, берасцейская вобласць заўсёды адрознівалася найніжэйшымі заробкамі і датацыямі, паколькі кіраўніцтва краіны лічыла, што рэгіён павінен зарабляць грошы з дапамогай мяжы з Польшчай і Украінай.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце