Беспрацоўныя Гародні ездзяць на заробкі ў калгасы (абноўлена)



Адсутнасць працы на прадпрыемствах Гародні дырэкцыя заводаў і фабрыкаў кампенсуе прапановамі для рабочых папрацаваць у сельскагаспадарчых прадпрыемствах рэгіёна. Каб пазбегнуць скарачэнняў, людзей вымушаюць на працоўных месцах пісаць заявы на адпачынак за свой кошт, пасля чаго кожны жадаючы мае магчымасць кароткатэрміновай працы ў калгасах і саўгасах.

Як зазначае галоўны спецыяліст Гарадзенскага ўпраўлення па працы і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Кучарэнка, апошнім часам такая практыка стала даволі распаўсюджанай:

– Штодзень мы накіроўваем 170 чалавек, але будзе і больш. Хутка пачынаецца ўборка морквы, капусты, з 1 кастрычніка, увесь кастрычнік будзе капуста. Мы працуем з СПК Гарадзенскага раёна на працягу года. У нас перапынак вельмі невялікі – 3 месяцы.

Найбольшая колькасць рабочых, якія вымушаны працаваць у калгасах і саўгасах рэгіёна, мае сталае месца працы на такіх гарадзенскіх прадпрыемствах, як “Гранітэкс”, “Карданныя валы” і абутковая фабрыка “Нёман”. Менавіта гэтыя прадпрыемствы знаходзяцца ў найбольш складанай эканамічнай сітуацыі ў сувязі з незапатрабаванасцю прадукцыі.

* * *

У сярэднім сто тысяч беларускіх рублёў каштуе дзень працы ў калгасах і саўгасах Гарадзенскага раёна. Прапановай карыстаюцца сотні беспрацоўных, якія ў пошуках заробку дапамагаюць сельскагаспадарчым прадпрыемствам рэгіёна збіраць ураджай садавіны і гародніны, а таксама ажыццяўляюць іншыя палявыя працы. Недахопу жадаючых працаваць за мізэрныя заробкі няма – тысячы гарадзенцаў вымушаныя прымаць такія ўмовы ў сувязі з масавым беспрацоўем.

– Збіраеш або вельмі вялікія, або маленькія камяні. Вельмі складана. Людзі імкнуцца ісці на працу, але няма працы.

– Прапаноўваюць працу дворнікам за паўтара мільёна ў дзіцячы садок, або ў школу. Ці можна пражыць за паўтара мільёна, калі я плачу за кватэру 600 тысяч. Ці можна пражыць? Не. Вось таму прыйдзеш, адзначышся на біржы і ездзеш у калгас. Тут хаця б 3 мільёны плацяць, калі па 100 тысяк у дзень – то і атрымліваецца 3 мільёны. За іх хоць неяк можна пражыць. Цяпер вялікая чарга на біржы – шмат беспрацоўных.

– Хоць тут і не такія вялікія мільёны плацяць, але, калі не піць, то на пражыццё хопіць.

Кіраўніцтва сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Гарадзенскага раёна не заўсёды ў стане выплочваць своечасовыя заробкі людзям, якія прыязджаюць на часовыя працы.

У многіх калгасах і саўгасах прапаноўваюць разлічвацца прадукцыяй – бульбай, яблыкамі і іншымі прадуктамі харчавання.

Беларускае Радыё Рацыя