BISS: Беларусь і Расея дамовяцца пра зніжэнне цэн на газ



Беларусь і Расея, хутчэй за ўсё, зафіксуюць беларускі газавы доўг з растэрміноўкай выплаты, а таксама дамовяцца аб зніжэнні цэн на газ для Беларусі і прывяжуць іх да расейскага рубля. Такі прагноз зрабілі аналітыкі Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) у чарговым выпуску „Беларускага знешнепалітычнага індэкса”.

„Адносіны Беларусі і Расеі ў ліпені—жніўні развіваліся ў складаных умовах. Тон ім задавалі НЗ на будаўніцтве АЭС у Астраўцы, а таксама газавае і нафтавае пытанні. Кантакты на працягу двух месяцаў былі мінімальныя”, — гаворыцца ў аглядзе.

Адзначаецца, што ва ўзаемаадносінах Масквы і Менска акрэсліліся дзве доўгатэрміновыя канфліктныя лініі — нафта і будаўніцтва АЭС.

„Будаўніцтва АЭС, калі беларускія ўлады не прымуць мер па сур`ёзным павышэнні празрыстасці будоўлі, з-за непазбежных ў такім маштабным праекце зрываў і непаразуменняў, будзе замінаць спробам Мінска адбудаваць імідж донара стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, — падкрэсліваюць аўтары дакумента. — Планы па развіцці Усць-Лугі і нарошчванні транзіту нафты і нафтапрадуктаў цераз расійскую Балтыку, а таксама рост нафтаперапрацоўкі ў Расійскай Федэрацыі ствараюць доўгатэрміновую пагрозу для беларускіх нафтаперапрацоўкі і транзіту. Трэба адзначыць, што балтыйскія дзяржавы ў значнай ступені ўжо страцілі расійскі транзіт, як паказвае іх вопыт, ні дэмпінг, ні развіццё інфраструктуры, ні канфлікты не дапамаглі ім яго захаваць”.

Эксперты адзначаюць, што Беларусь паступальна рушыць да аднаўлення аб`ёмаў экспарту на расійскі рынак і актыўна ўдзельнічае ў нарматворчасці ў межах ЕАЭС.

Што да стасункаў з Еўрасаюзам, адзначаецца, што Менск усё больш актыўна прасоўвае ідэю аб неабходнасці перамоў аб новым базавым пагадненні з ЕЗ.

Эксперты мяркуюць, што Менск і Брусель працягнуць паступальна развіваць адносіны. „Пры такім сцэнарыі ўжо найбліжэйшым часам на парадку дня адносін павінны акрэсліцца дзве асноўныя тэмы: дамоўленасці аб аблягчэнні візавага рэжыму і перспектывы перамоў аб базавым пагадненні, — адзначаецца ў дакуменце. — Павінна атрымаць працяг паступовая інтэнсіфікацыя і дыверсіфікацыя адносін з суседнімі дзяржавамі — членамі ЕЗ, у першую чаргу з Польшчай і Латвіяй. Таксама ў адносінах Менска і Бруселя могуць з`яўляцца новыя тэмы для дыялогу і супрацоўніцтва, асабліва з улікам палажэнняў нядаўна прынятай Глабальнай стратэгіі ЕЗ, якая прыйшла на змену Еўрапейскай стратэгіі бяспекі 2003 года і робіць акцэнт на развіцці ўстойлівасці краін — суседзяў ЕЗ перад рознымі ўнутранымі і знешнімі выклікамі”.

БелаПАН