Бізнес-супольнасць катэгарычна нязгодная з пастановай № 666



Бізнес-супольнасць катэгарычна нязгодная з ужо сумнавядомай пастановай Савета міністраў № 666. Як прыгадвае старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімір Карагін, яны накіравалі ліст ва ўрад, у тым ліку ў Адміністрацыю прэзідэнта, і выклалі свае аргументы супраць прынятага дакумента, які абавязвае праводзіць экспертызу імпартаваных у краіну тавараў.

— Часам асобныя, недальнабачныя чыноўнікі ствараюць штучныя перапоны і не раяцца з бізнесам. Мы вядзем наступ і кажам, што гэта няправільна і стварыла сярод года перапону для нашых партнёраў. Сёння беларусы не хацелі б адмаўляцца ад некаторых відаў імпарту і для нас гэта таксама вялікі бар’ер.

Як дадае Ўладзімір Карагін, ідзе пастаянны дыялог паміж прадстаўнікамі бізнес-супольнасці ды ўраду. Таму, ёсць спадзяванне, што ў выніку знойдзецца рашэнне, якое задаволіць усіх. Іначай беларускі бізнес, які ўжо церпіць страты, згубіць значна больш.

Беларускае Радыё Рацыя