БХД здала ў Мінэканомікі “пустыя кашалькі беларусаў”



Прадстаўнікі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі правялі сімвалічную акцыю каля Міністэрства эканомікі і здалі ў Міністэрства ўмоўныя “пустыя кашалькі беларусаў”. Таксама яны занеслі свае прапановы рэформаў, якія пад кіраўніцтвам экс-кіраўніка Нацбанка Станіслава Багданкевіча распрацавалі незалежныя эканамісты.

Актывісты БХД патрабуюць ад урада распрацоўкі комплекснай праграмы эканамічных пераўтварэнняў, у якой былі б прадугледжаныя: стварэнне нармальных прававых умоў для прадпрымальнікаў, стварэнне новых працоўных месцаў, меры па супрацьдзеянні чыноўніцкаму і судзейскаму самавольству і іншае.

За перамяшчэннем прадстаўнікоў БХД ад Міністэрства эканомікі да Дома ўрада сачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, яны вялі відэазапіс таго, што адбывалася.

Акцыю тэлеканалу “Белсат” пракаментаваў сустаршыня партыі Віталь Рымашэўскі. Паводле яго, у Беларусі трэба зрабіць самыя простыя рэчы, праз якія прайшоў увесь цывілізаваны свет, і якія забяспечаць свабоднае існаванне малога і сярэдняга бізнесу, незалежнасць судоў, зменшасць залежнасць эканомікі ад дзяржавы і гэтык далей.