Больш за 100 кампаній з 17 краін удзельнічае ў выставе „ТІБО-2017”



XXIV Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях „ТІБО” адкрыўся 18 красавіка ў Менску.

фота belta.by

Як заявіў на цырымоніі адкрыцця форуму міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, у гэтым годзе ў ім бяруць удзел больш як 100 кампаній і арганізацый з 17 краін. „Мы пастараліся прывезці на выставу самыя прасунутыя рашэнні ў галіне тэлекамунікацый і інфарматызацыі. І ўдзячныя вядучым сусветным кампаніям за тое, што яны ахвотна бяруць удзел у „ТІБО-2017”, — сказаў міністр сувязі.

Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі зачытаў падчас урачыстай цырымоніі прывітанне Аляксандра Лукашэнкі гасцям і ўдзельнікам форуму.

„Мерапрыемства ў апошнія гады вельмі маштабнае. Безумоўна, пляцоўка „ТІБО” ў Беларусі карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і ў адпаведных кампаній, і ў нашых калег па ЕАЭС. Традыцыйна Беларусь адкрыта для дыялогу”, — падкрэсліў пасля ўрачыстай цырымоніі Мацюшэўскі.

Першы віцэ-прэм’ер нагадаў, што цяпер у свеце шмат гаворыцца аб новай эканоміцы, а на выставе можна ўбачыць самыя перспектыўныя яе кірункі. „Гэта эканоміка будзе вызначаць развіццё цывілізацыі ў найбліжэйшы час. І для нас важна, што мы знаходзімся ў авангардзе гэтага працэсу”, — адзначыў ён.

Генеральны сакратар Міжнароднага саюза электрасувязі (МСЭ) Хаўлінь Чжаа падчас цырымоніі адкрыцця „ТІБО-2017” прызнаў, што сферы інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій у Беларусі надаецца вялікая ўвага. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, а ў гэтым годзе — з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым.

Як адзначыў генеральны сакратар МСЭ, Беларусь займае 31-е месца ў свеце па ўзроўні развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і стала лідарам у рэгіёне краін СНД. „І сёння ваш прэм’ер-міністр пацвердзіў, што Беларусі засталося зусім няшмат для таго, каб дагнаць сусветных лідараў”, — сказаў Хаўлінь Чжаа.

Форум „ТІБО” праводзіцца з 1994 года і з’яўляецца адным з найбуйнейшых выставачных мерапрыемстваў па гэтай тэматыцы ў краінах СНД і Балтыі. Форум штогод прыцягвае ўвагу вядучых беларускіх і замежных вытворцаў тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютараў і праграмнага забеспячэння, сродкаў і сістэм бяспекі, пастаўшчыкоў разнастайных ІКТ-паслуг. У выставе „ТІБО-2016” узялі ўдзел больш за 100 кампаній з 18 краін.

belapan.by