Чаму актывізавалася Мінгандлю?



Эканаміст Леў Марголін распавядае, ці на карысць бізнесу ідуць бясконцыя праверкі з боку Міністэрства гандлю.

Леў Марголін

На мінулым тыдні Мінгандлю прыняло рашэнне аб прыпыненні на 90 дзён з 21 ліпеня дзейнасці 177 магазінаў ЗАТ “Дабраном” за пратэрмінаваную запазычанасць перад пастаўшчыкамі. Праўда, зараз гандлёвая сетка «Дабраном» заявіла, што пагасіла гэтую запазычанасць за кошт выручкі сваіх крамаў.

Асацыяцыя рознічных сеткаў ужо выказала заклапочанасць склаўшайся сітуацыяй. Па звестках чатырох сетак Асацыяцыі, за апошні год іх праверылі больш за 800 разоў. Асноўная маса праверак даводзіцца на Мінгандлю і Міністэрства здравааховы.

Леў Марголін: Гэтыя бясконцыя праверкі – у сацыялістыялістычным духу абароны інтарэсаў дзяржавы. Пра інтарэсы бізнесу і грамадзян тут абсалютна ніхто не рупіцца. Напрыклад, у тым раёне, дзе я жыву, знаходзяцца дзве крамы, якія адносяцца да гандлёвай сеткі “Дабраном”. І абедзве ў хуткім часе плануюць зачыніць. Куды пасля гэтага хадзіць за пакупкамі жыхарам даволі вялікага мікрараёну? Гэта ж нікога не цікавіла, калі прымалася такое рашэнне.

РР: Але ж ёсць прапісаныя законы, якія тыя ж гандлёвыя сеткі павінны выконваць. Ці не так?

Леў Марголін: Так, але ж ёсць гаспадарчае заканадаўства, ёсць адносіны па дамовах, санкцыі, якія могуць прымяняць за невыкананне нецкіх пунктаў. Мяркую, што, калі заключаюцца дамовы з пастаўшчыкамі, то там прадугледжана адтэрміноўка аплаты. Магчыма, калі раней сеткі плацілі пастаўшчыкам праз два тыдні, то ў сувязі са склаўшыміся ўмовамі, зараз вырашылі заплаціць праз месяц. І пастаўшчык нічога не можа зрабіць, бо ён пагадзіўся на гэтыя ўмовы. Але ж ёсць дамова. Пытанне павінна вырашацца выключна паміж юрыдычнымі асобамі.

РР: Чаму ў апошні час так актывізавалася Мінгандлю?

Леў Марголін: Таму што напрыканцы мінулага году яму далі такое права – прыпыняць дзейнасць магазінаў. Раней, як правіла, справа заканчвалася нейкімі штрафамі. Мінгандлю карыстаецца дадзеным ёй правам, праўда, не памятаю, каб аж на тры месяцы прыпынялі дзейнасць крамаў. Тры месяцы не працаваць – гэта крыж на гандлёвай сетцы. Бо выдаткі ж працягваюцца – трэба плаціць работнікам прадпрыемстваў, за электраэнергію, амартызацыю без аніякіх паступленняў. Таму бізнес трапляе ў складанае становішча.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя