Чаму хаваюць прыбыткі чыноўнікаў?



З 24 студзеня пачне працаваць новы закон “Аб змаганні з карупцыяй”. Акрамя ўсяго іншага, зараз беларускія дзяржаўныя служачыя павінны будуць прадастаўляць у дэкларацыях больш поўныя звесткі пра маёмасць. Праўда, закон не прадугледжвае публікацыю гэтых звестак у СМІ.

5_gari

Гары Паганяйла: На мой погляд, рэальнага змагання з карупцыяй няма. Ва ўсім свеце там, дзе рэальна змагаюцца з карупцыяй, пытанні маёмаснага характару (дамы, якімі валодаюць чыноўнікі, зямля і машына, якія ў іх маюцца) дэкларуюцца і кожны жадаючы зможа іх знайсці ў тым жа інтэрнэце. Таму што чыноўнікі – гэта публічныя людзі, і народ павінен ведаць, што яны маюць. А калі іх прыбыткі хаваюць ад грамадскасці, то гэта кажа толькі пра адно – улады па-ранейшаму прытрымліваюцца старой тактыкі. Вы, хлопцы, маўляў, крадзіце, але перад намі трымайце справаздачу. Не перад людзьмі, а перад уладай. А апошняя ўжо будзе выбіраць, каго пакараць, а на чые праступкі можна і вочы заплюшчыць. Дарэчы, некаторыя гучныя працэсы ў Беларусі праходзяць у закрытым рэжыме.

РР: Улада баіцца галоснасці?

Гары Паганяйла: Так. Хоць галоснасць – гэта адзін з самых галоўных інструментаў у змаганні з карупцыяй. Вось гэты маёмасны разрыў паміж высокімі чыноўнікамі і простымі людзьмі – ён проста вялізны. Адным даюць спецыяльныя бонусы, ільготы, другім – нічога. І менавіта дзяржчыноўнікі ў сваёй большасці крадуць. Яны дазваляюць сабе будаваць шыкоўныя дамы, мець некалькі аўтамабіляў і гэдак далей. І ўсё гэта ціха-ціха. За якія сродкі пабудавалі? Няма падрабязнай інфармацыі для грамадства. У той жа Эстоніі, напрыклад, у інтэрнэце я магу нават убачыць, дзе размешчаны дом таго ці іншага чыноўніка. Даведацца, колькі ў яго машын, кватэр, іх метраж і рынкавую цану. Чыноўнікі – гэта тыя, каго, па сутнасці, людзі нанялі на працу. Як і кіраўніка краіны. Яны ўтрымліваюцца за кошт падаткаў, якія плацяць беларусы ў бюджэт. Дык чаму падаткаплацельшчык не мае права ведаць пра тое, як гэтыя людзі распараджаюцца бюджэтнымі сродкамі? А ў нас, аказваецца, не мае. Таму ўсё гэта змаганне з карупцыяй – толькі бачнасць. Я не скажу, што яна зусім не вядзецца, але непразрыстае змаганне нічога талковага не дасць. Гэта як змаганне з ветракамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара