Чаму Вярхоўны суд заняў бок прадпрымальніцы?



Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка распавёў пра гучны суд над пінскай прадпрымальніцай.

Нагадаем, прадпрымальніца з Пінска Таццяна Цібец займаецца продажам будаўнічых матэрыялаў з 2004 года. Зарэгістравана як індывідуальны прадпрымальнік, але, калі забаранілі наймаць работнікаў не з ліку блізкіх сваякоў, арганізавала і прыватнае ўнітарнае прадпрыемства.

Падчас адной з праверак інспектар падатковай службы парэкамендавала ёй зрабіць дамову, якой не хапала, але ў выніку аказалася, што яна была складзена з парушэннем заканадаўства. Пасля гэтага падатковая інспекцыя падала іск у Эканамічны суд Берасцейскай вобласці, які прыняў рашэнне, што прадпрымальніца павінна заплаціць каля 1 мільёна дэнамінаваных рублёў (больш за 500 тысяч даляраў).

Днямі Вярхоўны суд адмяніў усе рашэнні папярэдніх інстанцый па гэтай справе, а значыцца, Таццяна Цібец нічога не павінна дзяржаве. Акрамя таго, суд абавязаў падатковую інспекцыю выплаціць усе выдаткі, якая панесла прадпрымальніца падчас судовых працэсаў.

Анатоль Шумчанка: Факт таго, што Вярхоўны суд заняў бок прадпрымальніцы – вельмі станоўчы факт, бо, шчыра кажучы, не разлічвалі на такі зыход і рыхтаваліся да далейшай барацьбы. У любым выпадку, калі б вышэйшая інстанцыя пакінула ў сіле рашэнне папярэдніх, то на гэтым судовыя разбіральніцтвы не закончыліся б. Мы не чакалі станоўчага рашэння, бо ўжо былі прэцэдэнты.

РР: Можа гэта такі своеасаблівы сігнал малому бізнесу, што адносіны дзяржавы да ІП-эшнікаў змяняюцца ў лепшы бок?

Анатоль Шумчанка: Цяжка сказаць, але рэзананс па справе быў дастаткова вялікім і быў бы яшчэ большым, калі б Вярхоўны суд прыняў іншае рашэнне. Не кожны дзень прадпрымальнікам налічваюць заплаціць па паўмільёна даляраў. Рэзананс вельмі паўплываў, бо, як вядома, закон у нас можна павярнуць і ў адзін бок, і ў другі. І нічога б затым не даказаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя