Чвэрць гарадзенцаў працуе ў прыватным сектары



Чвэрць эканамічна актыўнага насельніцтва Гародні працуе ў прыватным сектары эканомікі. Статыстычныя дадзеныя сведчаць пра тое, што ў горадзе дзейнічае больш за чатыры тысячы прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу і дзесяць з паловай тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць пераважна ў галіне гандлю і  паслугаў. На думку старшыні аблвыканкама Гарадзенскай вобласці Уладзіміра Краўцова, малы і сярэдні бізнес паступова выходзіць на вядучыя пазіцыі ў горадзе і патрабуе да сябе адпаведнага стаўлення ўладаў:

– Трэба ствараць умовы. Часам мы самі іх не выкарыстоўваем, і чалавеку не даём арганізаваць нейкую вытворчасць. Заканадаўчая база ёсць, яна абнаўляецца, людзі сабе ў страту працаваць не будуць. Людзі самі рызыкуюць, не ва ўсіх усё атрымліваецца.  

Ад агульнай сумы падаткаў, якія трапляюць у гарадскі бюджэт, доля камерцыйных арганізацый недзяржаўнага сектара эканомікі і індывідуальных прадпрымальнікаў перавышае 37% ад агульнай сумы падаткаў. Прычым, гэты паказчым з кожным годам павялічваецца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота creditovgrad.ru