Чым Еўразвяз дапаможа беларускаму малому і сярэдняму бізнесу?



Пра тое, як улады ўспрымуць новую еўрапейскую праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу ў Беларусі, распавядае сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў.

Еўразвяз распрацоўвае новую праграму падтрымкі малога і сярэдняга бізнесу Беларусі, паведаміла кіраўнік прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, выступаючы на канферэнцыі „Рэформы для далучальнага росту” ў Менску. Яна падкрэсліла, што развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў будзе спрыяць развіццю канкурэнтаздольнасці краіны.

Віктар Маргелаў: Зыходзячы з сёняшняй сітуацыі ў краіне, думаю, улады падтрымаюць гэтую еўрапейскую праграму. Адзінае, што для многіх у прадпрымальніцкім асяродку Беларусі такая інфармацыя стала навіной, бо раней пра праграму мы нічога не чулі. Як кажуць, без нас збіраюцца нас ажаніць. Калі распрацоўваецца стратэгія развіцця прадпрымальніцтва, то лагічна было б і прадпрымальніцтву інтэгравацца ў гэты працэс. Бо невядома, хто, калі і з кім будзе ўкараняць гэтую праграму. Хаця не выключаю, што ўсё знаходзіцца толькі ў пачатковым стане. Але відавочна, што ў першую чаргу нам патрэбны недарагія фінансавыя сродкі на крэдытаванне малога бізнеса. Аналіз бягучай сітуацыі паказвае таксама, што ў нас вельмі слабыя механізмы і структуры, якія павінны дапамагаць і падтрымліваць малы і сярэдні бізнес па розных накірунках. А Еўразвяз, безумоўна, мог бы дапамагчы і з арганізацыяй, і з фінансаваннем гэтых інструментаў.

РР: Вопыт якой еўрапейскай краіны ў гэтай галіне мог бы падыйсці для Беларусі?

Віктар Маргелаў: У кожнай краіне і нават у кожную хвіліну сітуацыя ўнікальная, таму нельга сказаць, што можна ўзяць, напрыклад, цалкам польскі вопыт і перанесці яго да сябе. Так не атрымаецца. Але ў іншых краін трэба браць тыя дзейсныя інструменты, якія працуюць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя