Даходнасць рублёвых укладаў знізілася да гістарычнага мінімуму



У красавіку 2017 года сярэднія стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва дасягнулі гістарычнага мінімуму, сведчаць звесткі Нацыянальнага банка.

Сярэдняя стаўка па рублёвых дэпазітах насельніцтва з тэрмінам размяшчэння да года ў студзені-красавіку знізілася на чатыры працэнтныя пункты — з 12,4% гадавых у студзені да 8,4% у красавіку. Гэта мінімальнае значэнне з 2000 года.

Прадстаўнікі фінансавага сектара чакаюць, што стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва працягнуць зніжацца, бо на рынку крэдытавання не назіраецца высокай актыўнасці, і банкам няма сэнсу прыцягваць рублёвыя сродкі насельніцтва.

Але, як канстатуюць эксперты фінансавага рынку, нягледзячы на хуткае зніжэнне працэнтных ставак на грашовым рынку, масавага адтоку рублёвых укладаў насельніцтва з банкаўскай сістэмы не назіраецца.

На 1 мая аб’ём тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва склаў 3,17 млрд рублёў і павялічыўся (з улікам налічаных працэнтаў) на 7,5% з пачатку года.

У той жа час тэрміновыя валютныя ўклады насельніцтва на 1 мая склалі 6,85 млрд даляраў і апошнія паўтара года пастаянна скарачаюцца. Эканамісты Нацыянальнага банка тлумачаць гэтую тэндэнцыю тым, што ва ўмовах зніжэння рэальных даходаў насельніцтва выкарыстоўвае валютныя ўклады для падтрымання дакрызіснага ўзроўню спажывання.

БелаПАН