Даляр і еўра падаражэлі па выніках біржавых таргоў



На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 9 лістапада 2016 года беларускі рубель знізіўся да даляра ЗША і еўра, умацаваўся — да расейскага рубля.

даляр

Па выніках таргоў курс еўра вырас на 0,0268 рубля (1,27%) да 2,1332 рубля.

Курс даляра вырас на 0,0021 рубля (0,11%) і склаў 1,9083 рубля.

Курс расейскага рубля (за 100 адзінак) знізіўся на 0,0089 рубля (0,3%) і склаў 2,982 беларускага рубля за 100 расейскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якой удзельная вага расейскага рубля складае 50%, даляра ЗША — 30%, еўра — 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расейскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. Сусветныя цэны на нафту ўпалі да мінімуму са жніўня на фоне навіны пра перамогу Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША. У сераду раніцай нафта Brent губляла ў кошце больш за 2% і таргавалася на адзнацы 45 даляраў за бараль.

У Расеі сярэдняўзважаны курс даляра да рубля разлікамі „заўтра” на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, па якім устанаўліваецца афіцыйны курс Цэнтрабанка, на 11.30 серады вырас на 15,64 капейкі, склаўшы 63,8928 рубля.

belapan.by