Доля падатковых паступленняў у бюджэце Беларусі перавысіла 70%



Доля падатковых паступленняў у бюджэце Беларусі ў 2015 годзе перавысіла 70%, паведаміў на прэс-канферэнцыі 12 лютага ў Менску першы намеснік міністра па падатках і зборах Ігар Клепча.

„2015 год быў досыць складаным для эканомікі Беларусі. У той жа час, нягледзячы на рэзкае запаволенне макраэканамічных паказчыкаў, падатковая служба забяспечыла выкананне планавых заданняў па паступленнях у бюджэт і асноўных задач, пастаўленых перад Міністэрствам па падатках і зборах. У бюджэт сабрана звыш 193 трлн. рублёў, наш уклад у дзяржаўную казну перавысіў 70%”, — адзначыў першы намеснік міністра. Выкананне планавых прызначэнняў кансалідаванага бюджэту забяспечана на 100,9%, у тым ліку рэспубліканскага — на 101%, мясцовых бюджэтаў — на 100,8%.

Чвэрць паступленняў, якія кантралююцца падатковымі органамі, — гэта падатак на дададзены кошт, „што і прадвызначае асаблівую ўвагу да яго адміністравання па ўсёй вертыкалі падатковых органаў”, адзначыў Клепча. „Выбудаваная сістэма кантролю дазволіла ў 2015 годзе спыніць незаконнае вяртанне ПДК у памеры больш за 1 трлн. рублёў”, — удакладніў ён.

Паводле яго слоў, найбольш напружана ў мінулым годзе складвалася фарміраванне даходаў бюджэту па акцызах. „У параўнанні з 2014 годам мы недабралі амаль 5 трлн. рублёў у супастаўных цэнах. У асноўным гэта звязана са скарачэннем паступлення акцызаў на аўтамабільнае паліва па прычыне зніжэння ставак і аб’ёмаў рэалізацыі нафтапрадуктаў”, — сказаў першы намеснік кіраўніка МПЗ.

Доля падаходнага падатку застаецца стабільнай і складае каля 20% у структуры даходаў бюджэту, якія кантралююцца падатковай службай. Для павышэння эфектыўнасці кантролю за паўнатой выплаты ў бюджэт падаходнага падатку з 2015 года па ініцыятыве МПЗ у заканадаўстве замацаваная норма аб адлюстраванні падатковымі агентамі ў сваіх дэкларацыях больш поўных звестак. Гэта дазволіла аўтаматызаваць працэс супастаўлення ўтрыманых і пералічаных сум падатку і аператыўна рабіць захады па спагнанні запазычанасці, адзначыў першы намеснік міністра.

У структуры плацяжоў, якія кантралююцца МПЗ, амаль 50% займаюць паступленні ад дзяржаўных арганізацый. Доля кампаній недзяржаўнага сектара — больш за 44%, індывідуальных прадпрымальнікаў — 2,2%, фізічных асоб — 3,5%. Паступленні суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу склалі 28,5%.

belapan.by