Доля праблемных крэдытаў у Беларусі павялічылася



Доля праблемных актываў у банкаўскай сістэме Беларусі за першы месяц 2017 года павялічылася з 12,8% да 13,3%, сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка.

Згодна з інфармацыяй рэгулятара, аб’ём праблемных актываў у банкаўскай сістэме на 1 лютага склаў 5,22 млрд рублёў і павялічыўся за студзень прыкладна на 80 млн рублёў. Адначасова з гэтым на аналагічную суму ў студзені павялічыліся і банкаўскія рэзервы па актывах — амаль да 2,4 млрд рублёў.

Варта зазначыць, што ў 2016 годзе ў банкаўскай сістэме назіраўся пастаянны рост праблемных актываў — да 1 лістапада 2016 года іх доля павялічылася да рэкордных 14,9%. Аднак у лістападзе—снежні ўзровень дрэнных даўгоў некалькі знізіўся — да 12,8%.

Паводле інфармацыі БелаПАН, зніжэнне ўзроўню неабслугоўваных крэдытаў у канцы мінулага года было звязанае з перадачай часткі дрэнных даўгоў з „Белаграпрамбанка” на баланс створанага дзяржавай Агенцтва па кіраванні актывамі.

Тым не менш, як мяркуюць аналітыкі, у 2017-м узровень дрэнных крэдытаў у банкаўскай сістэме Беларусі будзе зноў расці.

„Мы чакаем, што тэндэнцыя пагаршэння якасці актываў беларускіх банкаў працягнецца на працягу 2017 года, бо крэдытныя рызыкі застаюцца высокімі”, — гаворыцца ў аглядзе банкаўскага сектара краін СНД і Грузіі, які ў канцы мінулага года падрыхтавалі аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.

На іх думку, негатыўны націск на банкаўскі сектар Беларусі з боку эканомікі ў 2017 годзе захаваецца.

„Мы захоўваем негатыўны прагноз па банкаўскім сектары Беларусі. Мы чакаем, што націск на сектар на працягу 2017 года захаваецца, і ён будзе абумоўлены рэцэсіяй апошніх двух гадоў і наступствамі дэвальвацыі нацыянальнай валюты”, — прагназуюць аналітыкі Fitch Ratings.

Яны чакаюць, што ВУП Беларусі скароціцца ў 2017-м на 0,3% і з гэтай прычыны не бачаць перадумоў для росту сёлета крэдытнага партфеля беларускіх банкаў. „Мы чакаем, што рост крэдытавання беларускіх банкаў (за вылікам якіх-небудзь эфектаў валютнага курсу) будзе блізкім да нуля ў 2017 годзе”, — лічаць аналітыкі Fitch Ratings.

belapan.by