ІІ Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку



«Зробім усе магчымае, каб быць бліжэй да людзей у Беларусі», — сказаў еўрадэпутат, былы старшыня Еўрапейскага парламента Ежы Бузэк, адказваючы на пытанне нашага карэспандэнта пра беларуска-еўрапейскія стасункі.

DSC01624Палітык удзельнічае ў Другім усходнім еўрапейскім кангрэсе ў Беластоку, сёння тут пачаўся другі дзень працы. Паводле еўрапейскага палітыка, ў стасунках з Беларуссю надалей важна кантактаваць з беларускім народам, фірмамі, грамадзянскай супольнасцю:

— Мы хочам, каб інфармацыйны абмен быў паўнавартасным. але маем паважныя заўвагі, адносна таго, якім чынам фармуецца ўлада ў Беларусі, бо памятаем сітуацыю з папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў. Вялізнае напружанне, людзі ў турмах — такое цяжка забываецца і цяжка перайсці да парадку дня, маючы такія факты. Мы хацелі б, каб Беларусь была адным з найбліжэйшых саюзнікаў.

Але пакуль гэта не магчыма, бо сітуацыя ў Беларусі такая, якая ёсць. Еўрапейскія палітыкі надалей чакаюць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і спадзяюцца, што сёлета яны пройдуць спакойна.

* * *

Прыехаць у Польшчу “на закупы” па-ранейшаму папулярна. Падляшская мытная служба з пачатку года зарэгістравала 800 тысячаў дакументаў на вяртанне ВАТ ( інакш кажучы такс-фры).

DSC01601А гэта значыць, што за ўсходнюю мяжу Польшчы вывезлі тавараў прыкладна на 640 мільёнаў злотых. Апошнія статыстычныя звесткі агучыў падчас Другога Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку – прэсавы сактар Падляшскай мытнай службы Мацей Чарнэцкі:

– Бачым, што гэта тэндэнцыя працягваецца, калі гаварыць пра мінулы год. За 8 месяцаў гэтага года мытная служба зарэгістравала каля 800 тыс. дакументаў такс-фры, на іх падставе замежнікі, а ў першую чаргу беларусы, вывезлі тавараў прыкладна на 640 мільёнаў злотых.

Статыстыка пацвяржае, што нават перашкоды, які чыняць беларускія ўлады, не змяньшаюць патокі беларусаў, якія гатовыя ехаць “на закупы” ў Беласток і іншыя прымежныя гарады – заўважае віцэ-маршалак Падляшскага ваяводства Мацей Жывно.

– Вельмі кепска, што да гэтага часу няма малога памежнага руху з-за таго, што беларускі бок блакуе гэтую ініцыятыву. Таксама Беларусь увяла  абмежаванні на прадукты, якія цягам году могуць увозіць грамадзяне.  

Сітуацыю можа змяніць увядзенне малога памежнага руху з Беларуссю, які на думку польскага боку блякуюць беларускія улады. Перспэктывы польска-беларускага памежнага руху будуць абмяркоўваць сёньня на Другім усходнім кангрэсе ў Беластоку.

DSC01608

* * *

Беларусь для Польшчы і Еўропы – цікавы партнёр, – сказаў на Усходнім эканамічным кангрэсе, што праходзіць у Беластоку, старшыня камісіі па міжнародных справах польскага Сейму Роберт Тышкевіч. Паводле палітыка, партнёры толькі чакаюць пазітыўных сігналаў з Менску, якімі могуць стаць выбары прэзідэнта, калі яны не завершацца драматычнымі падзямі, як у 2010 годзе, – кажа дэпутат.

 – Бачым выразныя сігналы з Беларусі. Роля Беларусі ў дасягненні міра на ўсходзе Украіны паказвае, што існуюць шансы на адмаражэнне кантактаў у некаторых сферах. Напэўна, перадусім у галіне гаспадаркі. Варта пра гэта размаўляць. Бо Беларусь для Польшчы, для ўсяго нашага рэгіёна патэнцыяльна вельмі цікавы партнёр.

„Таксама важнае пытанне малога памежнага руху. Увядзенне праграмы магло б паспрыяць рэгіанальнаму эканамічнаму супрацоўніцву,” – падкрэслівае дэпутат польскага Сейма Роберт Тышкевіч. Перспектывы малога памежнага руху на эканамічным кангрэсе ў Беластоку абмяркуюць у пятніца, 25 кастрычніка.

* * *

Новыя кантакты, а таксама абмен інфармацыі пра міжнародныя рынкі. Пра такія карысці ўголас кажуць беларускія прадпрымальнікі, што прыехалі на II Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку. Сярод удзельнікаў форума віцэ-старшыня сталічнага Саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Галіна Верашчук.

– Кантакты, канешне, для бізнеса – гэта прыярытэт. Гэта альфа і амега. Гэта новыя связі. Але акрамя таго кангрэс яшчэ важны тым, што мы можам тут атрымаць новую інфармацыю.

Аляксей Шаблоўскі, дырэктар “Стартаптэхналогія”, Беларускі цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва, Менск:

– Безумоўна, важна пазнаёміцца тут з удзельнікамі, намеціць магчымае супрацоўніцтва. Абмеркаванне такое адбылося. Шукаем партнёраў для сябе.

Каля 50-ці прадстаўнікоў буйнога і сярэдняга бізнесу прыехалі з Беларусі на ІІ Усходні эканамічны кангрэс, што гэтымі днямі праходзіць у Беластоку. Сярод найважнейшых пытанняў для Беларусі – рэгіанальнае супрацоўніцтва і перспектывы малога памежнага руху.

* * *

Польскія інвестыцыі ў Беларусі на сённяшні дзень складаюць больш за 300 мільёнаў еўра, пры гэтам палова прамых інвестыцый – у “Берасцейскай Свабоднай эканамічнай зоне”. Гэтыя лічбы маглі быць і значна большымі, але бізнесоўцы доўгі час мелі перасцярогі перад інвеставаннем у Беларусі.

Ці змянілася сітуацыя на гэты момант? На пытанне нашага радыё адказвае дырэктарка Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Наталля Нікандрава:

– Не магу сказаць, што нешта істотна змянілася. Але палякі апошнім часам звяртаюць сваю ўвагу на Беларусь усё больш і больш. У прыватнасці ў снежні мінулага года ў нас прайшоў форум у Варшаве, і пасля гэтага форума мы адчувалі ў сваім агенстве вялікую зацікаўленасць з боку польскіх кампаній, прадсатўнікі якіх прыходзілі, кансультаваліся, з розных галін, таму будзем спадзявацца, што прагрэс не за гарамі.

 Паводле нашай суразмоўцы, інвестары, якія прыходзяць у Беларусь, размяшчаюць свой бізнес або ў Парку высокіх тэхналогій, або ў Свабодных эканамічных зонах – у залежнасці ад сферы дзейнасці. Таксама Беларусь актыўна рэкламуе свой індустрыяльны парк “Вялікі камень”, які, між іншым, дае магчымасць атрымаць зямлю ў прыватнасць.

* * *

Супраца з краінамі-суседкамі з-за ўсходняй мяжы Еўразвязу – пра гэта, між іншым, гавораць у час ІІ Усходняга эканамічнага кангрэса ў Беластоку. Мясцовыя ўлады спадзяюцца, што прыняццё ў сябе такога буйнога мерапрыемства прынясе канкрэтныя вынікі і прывядзе да падпісання шэрагу выгадных кантрактаў. Пра свае чаканні кажа падляшскі ваявода Анджэй Мэйер:

– Чакаем, што ІІ Усходні эканамічны кангрэс у Беластоку дасць магчымасць абмяняцца поглядамі, сустрэцца з прадпрымальнікамі, палітыкамі, менеджарамі. Ад гэтага залежыць будучыня нашага ваяводства, нашай гаспадаркі.

Падляшская Опера і Філармонія – гэта прыгожае месца, якое, несумненна,  служыць  добраму абмену поглядаў і сустрэчам людзей. Магчыма, пазней гэта спрычыніцца да падпісання кантрактаў і далейшай супрацы.

Аднак, калі казаць пра супрацу Польшчы і Беларусі, то надалей застаецца шмат бар’ераў, у тым ліку візавыя перашкоды. У другі дзень эканамічнага кангрэса, у пятніцу, гэта стане адной з галоўных тэмаў для абмеркавання, у тым ліку чарговы раз мае быць узнятае пытанне пра малы памежны рух.

s1

s2

«Супраца залежыць ад палітыкі, але мы намагаемся не звяртаць на гэта ўвагу», — сказаў пра эканамічную супрацу з Беларуссю прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі. У сталіцы Падляшша праходзіць ІІ Усходні эканамічны кангрэс, дзе чыноўнікі, палітыкі і бізнесоўцы абмяркоўваюць шляхі супрацы. Падляшша – адзін з тых рэгіёнаў Польшчы, эканоміка якога вельмі звязаная з суседзямі. Тадэвуш Трускаляскі ацаніў ступень супрацы.

– Гэтая супраца ідзе хвалямі, у залежнасці ад актуальнай палітычнай сітуацыі. Хоць мы стараемся не звяртаць увагі на гэта, яно ўсё адно адбіваецца. Не трэба займацца самападманам: калі палітычная сітуацыя лепшая, дык і супраца больш цесная, а калі горшая, дык яна ахалоджваецца. Мы наведваем адзін аднаго, але наш асноўны элемент — гаспадарка. Сёння ў нас даволі вялікая колькасць прадстаўнікоў з Беларусі, і гэта добра.

Цягам двух дзён у Беластоку будуць абмяркоўваць варункі супрацы на Усходзе. На другім кангрэсе ў Беластоку прысутнічае і беларуская дэлегацыя. Пераважна, гэта прадпрымальнікі, якія прыехалі, каб наладзіць кантакты.

* * *

«Беларуская дэлегацыя на форуме — прадстаўнічая», — так кажа дырэктарка Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Святлана Кахновіч, удзельніца ІІ Усходняга эканамічнага кангрэса, што зараз праходзіць у Беластоку. Паводле яе, кожная зацікаўленая структура магла прыехаць на гэты форум.

Дэлегацыя фармавалася паводле праграмы форуму. Кампаніі, якія выявілі зацікаўленасць удзелам, звярталіся ў Беларускую канфедэрацыю прадпрымальніцтва. Прадстаўнікі непасрэдна саміх арганізатараў удзелу беларусаў – гэта Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва і прадстаўнікі беларускага бізнесу. Я тут як прадстаўніца Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Мы вельмі спадзяёмся, што наша прысутнасць на форуме будзе на карысць.

Цягам двух дзён у Беластоку чыноўнікі, прадпрымальнікі і палітыкі абмяркоўваюць магчымасць больш цеснай супрацы Польшчы і Еўразвязу з краінамі Усходу. Найважнейшае пытанне для Беларусі, якое тут гучыць: рэгіянальная супраца і перспектывы малога памежнага руху.

* * *

“Гэта вельмі важная эканамічная падзея, калі казаць пра кантакты Польшчы з усходнімі суседзямі”, – кажа ўдзельнік ІІ Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку, кіраўнік польскага агенцтва інфармацыі  і замежных інвестыцый Славамір Майман. Паводле яго, цяпер адзначаецца ажыўленне бізнес-супрацы з краінамі-суседкамі, у тым ліку з Беларуссю, але такіх эканамічных кантактаў надалей замала:

– Тое, што на ўсходзе Польшчы, якраз у Беластоку, раз у год сустракаюцца ўсе людзі, зацікаўленыя ў супрацы. Гэтай супрацы з усходнімі суседзямі Польшчы ўвесь час мала. І тут не ідзе гаворка пра палітычныя прычыны ці санкцыі. Проста Польша больш засяроджвалася на супрацы з Еўразвязам, а не ўсходнімі краінамі-суседкамі.

Удзел у ІІ Усходнім эканамічным кангрэсе прымаюць удзельнікі з Польшчы, Беларусі, Украіны, Літвы ды іншых краінаў. У першай дыскусіі, прысвечанай тэме Усходняй Еўропы, удзельнічае міністр эканомікі Польшчы Януш Пехацінскі.

DSC01590

DSC01584

DSC01580

* * *

Палітыка ў дачыненні да краін за ўсходняй мяжой, малы памежны рух, але таксама энергетычная бяспека і развіццё ўсходніх рэгіёнаў Польшчы. Гэтыя ды іншыя пытанні будуць абмеркаваныя ў час другога Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку.

WKG2014_uczestnicy

Сярод спецыяльна запрошаных гасцей кангрэсу – еўрадэпутат, старшыня Еўрапарламента ў 2009-2012 гадах Ежы Бузэк, віцэ-прэм’ер і міністр эканомікі Польшчы Януш Пехацінскі, міністр замежных спраў Польшчы Гжэгаж Схетына.

Як кажа ініцыятар кангрэсу Войцех Кусьпік, чакаецца каля тысячы гасцей, у тым ліку палітыкаў, эканамістаў, прадстаўнікоў польскіх і замежных фірмаў, экспертаў ды навукоўцаў:

Таксама сёлета мы паставілі акцэнт на ўдзел у мерапрыемстве нашых гасцей з-за ўсходняй мяжы: Украіны, Беларусі і Літвы, да таго ж маюць быць прадстаўнікі Азербайджану. Прыемна тое, што Беласток апраўдаў сябе як месца для правядзення такога буйнога эканамічнага мерапрыемства.

Кангрэс ахопіць каля 30 тэматычных панэляў, сярод якіх: геапалітычныя ўмовы развіцця эканомікі на ўсходзе Еўропы, бяспека, трансгранічная і міжнародная супраца, а таксама інвестыцыі і аналіз сітуацыі ў энергетычнай сферы, на сельскагаспадарчым рынку, у сферы гандлю, турыстыкі, медычных паслугаў і гатэльным бізнесе. Мерапрыемства будзе суправаджаць конкурс на найлепшыя інвестыцыі ў камунальнай сферы ва ўсходняй Польшчы, а таксама ўзнагароджанне дзесяці найлепшых фірмаў-працадаўцаў з пяці ваяводстваў Польшчы.

Другі Усходні эканамічны кангрэс пройдзе ў будынку Падляшскай оперы і філармоніі – Еўрапейскім цэнтры мастацтва ў Беластоку 24-25 верасня. Ён адкрыецца пленарнай сесіяй на тэму “Усходняя палітыка: гаспадарка, супраца, будучыня”, дзе, між іншым, размова пойдзе пра палітыку Еўразвяза ў дачыненні да суседзяў Польшчы за ўсходняй мяжой.

Яна Запольская і Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток