Эксперт: Беларусь зацікаўлена ў каспійскай нафце



На беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах ізноў можа з’явіцца азербайджанская нафта, – такое меркаванне ў эфіры нашага радыё выказаў аналітык Цэнтру Астрагорскага Сяргей Богдан. Паводле эксперта, у часе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Баку гэтае пытанне было адным з галоўных. Доўгі час існавала негалосная дамоўленасць паміж Азербайджанам і Расеяй пра тое, што каспійская нафта не будзе прадавацца ў краіны Усходняй Еўропы. Сёння і Беларусь, і Азербайджан зацікаўленыя ў змене гэтай канцэпцыі, – кажа Сяргей Богдан.

– Беларусь зацікаўленая ў тым, каб мець прастору для манеўру ў перамовах з Масквой, якія сталі складанымі апошнім часам па вуглевадародах і па іншых пытаннях таксама. У Баку не задаволеныя расейска-армянскімі стасункамі і таксам, відаць, імкнуцца паказаць Расеі, што ў іх ёсць варыянты як адрэагаваць на расейскую падтрымку Арменіі і армянскай палітыкі ў Закаўказзі.

У 2010 годзе на беларускія НПЗ ужо пастаўлялася нафта з Азербайджану. Тады ж гучалі прапановы паставак каспійскай нафты ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу праз нафтаправод Адэса-Броды. Аднак, пасля прыходу да ўлады ва Украіне Віктара Януковіча, перамовы па гэтым праекце спыніліся.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя