Эксперт: Мадэрнізацыя будзе адбывацца ў „ручным рэжыме”



Беларусь да 2020 года плануе значна знізіць залежнасць ад традыцыйных рынкаў збыту. Гэта вынікае з абноўленай дырэктывы №3 «Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы».

Гэтая дырэктыва, аднак, не прадугледжвае разняволення эканамічнага сектару краіны, а будзе выконвацца пад жорсткім кантролем урада, – кажа эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

– Сапраўды гэта сур’ёзныя мерапрыемствы і можна іх лічыць у пэўным сэнсе структурнымі рэформамі. Але яны будуць выконвацца, відавочна, у „ручным рэжыме”, як пра гэта гаворыць Аляксандр Лукашэнка. Па сутнасці нечым нагадваючы сінгапурскія, ці тайваньскія, або паўднёвакарэйскі варыянт мадэрнізацыі. То бок, адкрыццё знешняга гандлю пры адначасовым жорскім унутраным кантролі.

Выкананне прадугледжаных мерапрыемстваў “дасць магчымасць збалансаваць знешні гандаль Беларусі, асвоіць новыя рынкі збыту і замацавацца на іх, скараціць рызыку залежнасці эканамічнага росту Беларусі ад росту асобных краін — гандлёвых партнёраў,” — гаворыцца ў дырэктыве.

Беларускае Радыё Рацыя