Эксперт: З дэнамінацыяй тэмп росту цэнаў істотна не падвысіцца



Разам з дэнамінацыяй вырасце кошт за перадачу электрычнасьці амаль на траціну. Беларускі ўрад прыняў зьмены ў нарматыўны акт, які вызначаў кошт перасылкі аднаго кілавата за гадзіну электрычнасьці, паводле якіх з 1-га ліпеня, замест 305 рублёў беларусы маюць плаціць 4 капейкі. Такім чынам, кошт перасылкі электраэнергіі з заўтрашняга дня ў Беларусі падвысіцца на 31,1%. Беларускае міністэрства эканомікі запэўнівае, што падвышэнне кошту планавае.

Эканаміст Міхась Залескі мяркуе, што разам з дэнамінацыяй варта чакаць і нязначнага павелічэння коштаў.

– Я ацэньваў падскок цэн на 1.5-2% у выніку дэнамінацыі, таму што ўсе акругляць будуць у большы бок. Тэмп росту цэнаў не падвысіцца істотна і не запаволіцца. Будзе гэты разавы падскок, а пасля мы будзем ісці тым самым тэмпам росту цэнаў, якім мы ішлі апошнія 25 год.

З заўтрашняга дня беларускі рубель страціць чатыры нулі. Беларуская валюта старога і новага абразца будзе знаходзіцца ў абарачэнні да канца года. Пачынаючы з 1992 года, гэта ўжо трэцяя дэнамінацыя. Беларускі рубель за 24 гады існавання абясцэніўся ў 100 мільёнаў разоў.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя