Эксперты: Рост зарплат на 30% нерэальны ў 2017 годзе



Выканаць патрабаванне ўладаў па павелічэнні заработнай платы да 1.000 рублёў да канца года прадпрыемствы не змогуць. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы даныя пра дынаміку сярэдняй зарплаты ў першым квартале 2017 года.

Беларускія эканамісты канстатуюць, што для павелічэння за красавік—снежань сярэдняй зарплаты да 1.000 рублёў яна павінна вырасці ў параўнанні з сакавіком (770,6 рубля) на 30%.

„У сувязі са сціплым ростам ВУП можна прагназаваць толькі нязначнае павелічэнне прадукцыйнасці працы (на 2-3% за год). Інфляцыю Нацбанк плануе зніжаць, таму падстаў для надзей, што намінальная зарплата будзе расці на 10% за квартал, няма”, — падкрэсліла БелаПАН акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

На думку аналітыкаў, павялічыць заробкі да 1.000 рублёў да канца году можна толькі ў выпадку грашовай эмісіі.

„Рост заробкаў, не заснаваны на друкаваным станку, да 1.000 рублёў да канца года малаверагодны. З улікам росту ВУП на 0,3% і росту ў студзені—сакавіку рэальнай зарплаты на 1% можна выказаць здагадку, што і эканоміка, і рэальныя даходы насельніцтва перастануць у гэтым годзе падаць. Аднак чакаць, што зараз нас будзе бурны рост эканомікі і хуткі рост зарплат пакуль няма падстаў”, — адзначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык форэкс-брокера „Альпары” Вадзім Іосуб.

Эксперты звяртаюць увагу, што паводле апошніх апублікаваных даных прадукцыйнасць працы ў студзені—лютым павялічылася на 0,7%.

„Калі работнікаў прадпрыемства не скарачаць, а сёння дзяржава патрабуюць забяспечыць поўную занятасць, забяспечыць істотны рост прадукцыйнасці працы ў кароткія тэрміны нерэальна. Іншых рэзерваў, якія б дазволілі на неэмісійнай аснове павялічыць даходы насельніцтва, не відаць”, — сказаў Іосуб.

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што давесці зарплату да 1.000 рублёў да канца года без негатыўных наступстваў для эканомікі немагчыма, таму мяркуюць, што ўлады ў рэшце рэшт прызнаюць план па яе павелічэнні невыканальным.

„Гэта ўжо не першы выпадак, калі ў нашай краіне ставяць недасягальныя мэты. З улікам інфляцыі, а таксама невялікага росту прадукцыйнасці працы ў гэтым годзе можна будзе паказаць, што даходы насельніцтва ў рублёвым выражэнні паступова павялічваюцца. Забяспечыць рост зарплат у 2017 годзе да 1.000 рублёў без макраэканамічных узрушэнняў немагчыма”, — рэзюмавала ў каментары БелаПАН Кацярына Барнукова.