“Еўрарэгіён Нёман – 2015” у Гародні



У Гародні адбываецца XVI рэспубліканская выстава-кірмаш “Еўрарэгіён Нёман – 2015”, у якой прымаюць удзел дыпламаты, бізнесоўцы і эксперты з дзесяці краін свету, у тым ліку Кітая, Польшчы, Расеі, Чэхіі і Літвы.  На выставе прадстаўлена прадукцыя 150 беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый. Замежжа прадстаўлена  павільёнамі турыстычнага патэнцыялу Падляшша, нацыянальнай літоўскай кухні і прадукцыяй кітайскай правінцыі Ганьсу.

На думку намесніка старшыні грамадскага аб’яднання “Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргея Каляды, з кожным годам “Еўрарэгіён Нёман” становіцца ўсё больш прыцягальнай і эфектыўнай падзеяй у бізнэс-прасторы рэгіёна:

– Людзі разумеюць, чаму яны тут. Яны ўжо запрашаюць да сябе зарабіць грошы. Бо раней гэта была прэзентацыя таго, што маем. Але самае галоўнае – гэта эканоміка. І мяне цешыць, што людзі пачынаюць разумець гэта. І ідуць да гэтага.

У межах выставы-кірмашу “Еўрарэгіён Нёман” адбываецца інвестыцыйны форум, на якім абмяркоўваюцца пытанні інавацыйнага развіцця бізнеса і транспамежнай супрацы. Плануецца падпісанне міжнародных пагадненяў  аб супрацы паміж Гарадзенскай вобласцю і дэлегацыямі замежных краін.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня