Фінская Honka можа заняць да 40% беларускага рынку



Фінскі канцэрн Honka можа заняць да 40% беларускага рынку драўлянага домабудавання, заявіў 19 траўня на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар беларускага прадстаўніцтва кампаніі „Роса Ракене СПб”, эксклюзіўнага дыстрыбутара фінскага канцэрна Honka ў Расеі, Ігар Аўзін.

На яго думку, тэндэнцыі на беларускім рынку жылля, наяўнасць жадання заказчыкаў жыць у экалагічным жыллі прыводзіць да таго, што ўсё большую долю займае драўлянае домабудаванне. Аўзін зазначыў, што аб’ём рынку індывідуальнага домабудавання (каменныя канструкцыі, газасілікатныя дамы і інш.) у Менску і Менскай вобласці ацэньваецца ў 150 млн. даляраў у год, з іх 15% складае драўлянае домабудаванне.

„Мы вывучылі рынак, убачылі, што прапаноў хапае, на рынку Беларусі каля 600 суб’ектаў гаспадарання займаюцца драўляным домабудаваннем. Многія лясніцтвы, фермеры, якія маюць лес, валяць, сякуць, будуюць. Каля 30-40 кампаній займаюцца гэтым сур’ёзна, сярод якіх „Забудова”, „Домека”, але ні адна з іх не займаецца тым, што робіць Honka, якая прапануе не проста дом, а стыль жыцця, новы падыход да асяроддзя пражывання”, — зазначыў Аўзін. Кампанія ўяўляе сэрвіс ад дызайн-праекта да закончанага дома і ландшафтнага дызайну ўчастка.

„У мяне, як кіраўніка, няма ніякіх сумневаў, што будаўніцтва дамоў з канструкцый Honka знойдзе сваю нішу, і я хачу дасягнуць 40% рынку, як гэта было дасягнута ў Расеі, і ніяк не менш”, — заявіў дырэктар прадстаўніцтва.

На пытанне пра кошт дамоў дырэктар па продажы галаўнога офіса „Роса Ракене СПб” у Расеі, Казахстане і Беларусі (Санкт-Пецярбург) Алена Салаўёва адказала: „Улічваючы ўвесь контур дома, сценавы матэрыял з бруса, высакаякасныя вокны фінскай вытворчасці, кроквавую сістэму, уцяпленне даху, дахавае пакрыццё, камплект у сярэднім каштуе 800—900 еўра за квадратны метр, а ў сабраным выглядзе можа дасягаць 1.100—1.200. Гэта цалкам супастаўны кошт з тым, што прапануе беларускі рынак пры выкарыстанні якаснага матэрыялу. Але аналагаў фінскай якасці тут пакуль проста няма”.

Салаўёва таксама паведаміла, што частка дома будзе камплектавацца прадукцыяй беларускай вытворчасці, у прыватнасці ізаляцыйным матэрыялам, убудаванай драўлянай мэбляй, ліштвамі, паркетам, дзвярыма і інш. Але асноўны матэрыял — брус — будзе толькі фінскай вытворчасці з паўночнай хвоі, якая расце ў цэнтральных раёнах краіны.

Паводле слоў Салаўёвай, у кампаніі ўжо ёсць досвед працы ў Беларусі: пабудавана пяць рэзідэнцый па індывідуальных замовах.

Як зазначыў дырэктар па маркетынгу „Роса Ракене СПб” Павел Паўлінаў, кампанія Honka першай у свеце механізавала працэс вытворчасці драўляных дамоў і стала іх экспартаваць. Сёння кампанія, якая вырасла з маленькага сямейнага прадпрыемствы ў Фінляндыі, з’яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце вытворцаў драўляных дамоў. За 58 гадоў, якія прайшлі з дня заснавання, Honka развілася ў міжнародны канцэрн з аддзяленнямі ў Германіі, Японіі і Францыі, з прадстаўніцтвамі ў 32 краінах. Яна пабудавала звыш 80 тыс. дамоў больш чым у 50 краінах. На расійскі рынак брэнд Honka выйшаў у 1995 годзе. Агульны аб’ём продажу дамоў Honka ў Расеі за два дзесяцігоддзі склаў больш за 6 млрд. расійскіх рублёў, пабудавана больш за 2 тыс. дамоў, 16 катэджных пасёлкаў, некалькі гасцінічных і рэстаранных комплексаў.

belapan.by