На Полаччыне бум гандлёвага будаўніцтва



У Полацку гандлёвыя цэнтры растуць як грыбы пасля добрага дажджу.

Раней гандлёвая сфера Полацка і Наваполацка складалася пераважна з крамаў мясцовых гандлёвых сетак «Стралец», «Дыяніс», «Эканом». Гадоў дзесяць таму пачаўся рэвалюцыйны перадзел гандлёвага рынку на Полаччыне. Наперад выйшаў «вараг» «Еўраопт», частка мясцовых крамаў, пераважна «Стральца», перайшла пад дах новага гаспадара.

І вось сёлета адбыўся сапраўдны гандлёвы бум. Упершыню ў Полацку пабудавалі не проста гіпермаркеты, а буйныя гандлёвыя цэнтры. У траўні на ўездзе ў горад з боку Менска быў адкрыты гандлёвы цэнтр «Манеж», які належыць «Еўраопту». Гэта сучасны гандлёвы аб’ект, разлічаны на тое, каб у ім таксама бавіць вольны час, тут, напрыклад, ёсць каток са штучным ільдом. У ліпені побач з «Манежам» адкрылі дылерскі цэнтр найбуйнейшага французскага брэнда Renault. Таксама ў ліпені адкрылі і вялікую краму найбуйнейшага рытэйлера бытавой тэхнікі і электронікі ў Беларусі «5 элемент». Яна паўстала побач з чыгуначным вакзалам. На чарзе яшчэ дзве новыя крамы ў мікрараёне «Аэрадром». Праўда адну з будоўляў новага супермаркета «Стральца» замарозілі – на ўзведзеным каркасе вялікага гандлёвага цэнтру спыніліся ўсе будаўнічыя працы.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.