Гарадзенскія прадпрымальнікі масава не выйшлі на працу



У першы паслянавагодні працоўны дзень гарадзенскія прадпрымальнікі масава не выйшлі на працу. Іх адсутнасць на рынках горада тлумачыцца зменамі ў заканадаўстве, якія прадугледжваюць наяўнасць сертыфікатаў на тавары і дакументаў пра іх паходжанне.

pradprymalniki

Больш за дзве тысячы дробных бізнесоўцаў адмаўляюцца працаваць і не працягнулі дамову арэнды гандлёвых месцаў на галоўных рынках Гародні. Частка прадпрымальнікаў прыпыніла працу, частка сыйшла ў чарговыя адпачынкі. Працуюць толькі тыя, хто мае адпаведныя дакументы, а такіх не больш за 20% ад агульнай колькасці:

– Сертыфікат сам па сабе вельмі і вельмі дарагое задавальненне. Калі я, напрыклад, прывёз дзесяць куртак, дзесяць кашулек, то сертыфікацыя прыводзіць да таго, што сам па сабе гэты гандаль становіцца бессэнсоўнай.

– Мы хочам працягваць таму, што ў нас працуюць прадаўцы і трэба плаціць заробкі, за іх трэба плаціць фонды, таму сядзець дома мы не будзем. Мы будзем працаваць далей таму, што мы працуем з дакументамі ўжо цэлы год.

– Большасць яшчэ і пасыходзілі ў адпачынкі, як тут далей будзе будзем глядзець, можа яшчэ і ўплывае тое, што на самой справе холадна і мароз.

Калі беларускія ўлады не зменяць умовы працы прадпрымальнікаў, многія будуць вымушаныя сысці з бізнеса і папоўніць шэрагі беспрацоўных, колькасць якіх можа ўзрасці ў некалькі разоў. Пратэстных акцый гарадзенскія прадпрымальнікі пакуль не плануюць.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня