Гарадзенскую трасу могуць рэканструяваць на год раней



Міністэрства транспарту і камунікацый разглядае магчымасць скарачэння тэрмінаў рэканструкцыі аўтамабільнай дарогі М6 Менск-Гародня на год.

„Мы думаем на год скараціць тэрміны будаўніцтва дарогі М6. Але гэта шмат у чым будзе залежаць ад падрадчыка, каб у эканамічным плане не ствараць праблем”, – паведаміў міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак.

Па словах міністра, рэканструкцыя аўтадарогі М6 Менск-Гародня знаходзіцца ў ліку прыярытэтных інфраструктурных праектаў на 2017 год.

Рэканструкцыя аўтадарогі М6 праводзіцца на участках 57,3-130,4 км і 197,7-211 км. Тут трэба будзе выканаць земляных работ аб’ёмам больш за 5 млн кубаметраў, зладзіць 115 водапрапускных труб, 1 падземны пераход для капытных жывёл і 4 скотапрагоны, 7 мастоў і 6 пуцеправодаў, 5 транспартных развязак. Шырыня палатна мадэрнізаванай дарогі складзе 22,7 м. Заканчэнне работ запланавана на восень 2018 года. Міжнародны конкурс на закупку работ па рэканструкцыі М6 за кошт крэдыту Сусветнага банка выйгралі арганізацыі холдынгу „Белаўтадор”.

ej.by