„Газпром” не мае намеру зніжаць цану на газ для Беларусі



ААТ „Газпром” лічыць немэтазгодным зніжаць цану на газ для Беларусі, заявіў намеснік старшыні праўлення газавай кампаніі Валерый Голубеў.

„У нас жа формула з Беларуссю вельмі простая. Мы бярэм цану вытворчасці ў Ямала-Ненецкай акрузе і да яе прыбаўляем цану транспарціроўкі, нічога лішняга. І гэты прынцып быў падпісаны. Чаму мы павінны сёння прадаваць газ Беларусі танней, чым прадаем яго ў Расеі?” — заявіў Голубеў РИА Новости.

Ён зазначыў, што існуюць розныя формулы цэнаўтварэння на газ. „Ёсць формулы, напрыклад, звязаныя з нафтавымі каэфіцыентамі, а Беларусь ішла па іншым шляху, яны ж самі не пайшлі на формулу, прывязаную да нафтавых эквівалентаў, яны захацелі цану, як у Расеі, плюс транспарт. Сёння беларускія калегі кажуць — не, мы хочам, каб было па-іншаму. Ну, трэба быць паслядоўнымі”, — адзначыў топ-менеджар „Газпрома”.

Голубеў удакладніў, што цяпер кошт для Беларусі складае 132 долары за тысячу кубаметраў. Адказваючы на пытанне, ці можа быць зробленая саступка беларускаму боку ў кошце, ён адзначыў, што існуе міжурадавае пагадненне, якое вызначае формулу цаны паставак расійскага газу.

„Цяпер для Арменіі падпісаны кантракт на 150 долараў (за тысячу кубаметраў газу). Гэта такая ж па сутнасці саюзная дзяржава, але Арменія знаходзіцца трохі далей за Беларусь, таму цана для іх крыху вышэйшая. Для Кіргізіі цана таксама 150 долараў, яны таксама член ЕАЭС. Яны таксама могуць патрабаваць (перагляду цаны)? А затраты нашы хто будзе кампенсаваць?” — зазначыў Голубеў.

Нагадаем, раней у інтэрв’ю РИА Новости прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў назваў галоўнай праблемай прывязку коштаў на расійскія энерганосьбіты да долара. Так, паводле яго слоў, у пачатку 2014 года цана газу для Беларусі складала 165 долараў за тысячу кубаметраў. Гэта было пры курсе расійскага рубля 32-33 за долар. На 1 студзеня 2015 года цана на газ складала 142 долары за тысячу кубаметраў. „Пры гэтым долар стаў каштаваць больш за 60 расійскіх рублёў. Лагічна, што газ ужо павінен каштаваць прыкладна 80 долараў, а ў нас 142″, — сказаў Кабякоў.

„Аб’ём знешняга гандлю летась у нацыянальных валютах паміж краінамі склаў прыкладна 82%. Экспарт Беларусі ў Расію практычна на 100% ідзе ў расійскіх рублях. Імпарт ідзе таксама ў расійскіх рублях. Але ўсе энерганосьбіты мы купляем за долары. Разлічвацца можна і ў расійскіх рублях, але галоўная праблема ў тым, што цэнаўтварэнне прывязанае да долара”, — канстатаваў Кабякоў.

Ён таксама заявіў, што беларускі бок хацеў бы, каб „нафта, якая паступае ў Беларусь па нафтаправодзе, была больш высокай якасці, бо апошнім часам яе якасныя характарыстыкі зніжаюцца”. „Пры гэтым цана засталася ранейшай. Мы дамовіліся аб выдзяленні ў асобны паток нафты з больш нізкім утрыманнем серы і палепшаным фракцыйным складам для паставак у Рэспубліку Беларусь і транзіце праз яе тэрыторыю спажыўцам Еўрапейскага саюза”, — сказаў прэм’ер.

 БелаПАН