„Гомсельмаш” сустрэў Дзень машынабудаўніка з запазычанасцямі



У Дзень машынабудаўніка ў Гомелі перакрылі вуліцу камбайнамі і трактарамі. Экспазіцыя новых узораў тэхнікі маркі „Гомсельмаш” размясцілася на праезнай частцы вуліцы Касманаўтаў.

dsc_0165

Усе ахвотныя маглі пафатаграфавацца альбо пасядзець за стырном сапраўднай сельскагаспадарчай тэхнікі. Для ветэранаў „Гомсельмаша” прафесійнае свята – нагода сустрэцца з калегамі і ўзгадаць мінулае прадпрыемства.

– Калісьці на наш завод прыехала дэлегацыя з Англіі. І мне сказалі паказаць ім  завод, я тады працавала начальнікам аддзела кадраў. І вось адзін з гасцей сказаў: “Ды ў вас чыста, як у нас у паліклініцы!”

Прадпрыемства „Гомсельмаш” – флагман беларускага машынабудавання. Гісторыя завода бярэ пачатак з 1930 года. На гэты момант сумесныя прадпрыемствы, якія выпускаюць тэхніку пад брэндам „Палессе”, адкрытыя ў Расеі, Казахстане, Кітаі.

„Гомсельмаш” сустрэў Дзень машынабудаўніка з запазычанасцямі. У 2015 годзе „Гомсельмаш” атрымаў каля 425 мільёнаў даляраў крэдыту ад дзяржавы, якія мусіў пачаць аддаваць сёлета. Аднак з-за абвалу экспарту тэрміны выплаты крэдытаў былі працягнутыя да 2019 года. Супрацоўнікі заводу, нягледзячы на крызіс, вераць у будучыню „Гомсельмаша”:

– Каб менш увагі звярталі на новую тэхніку, а дапрацоўвалі старую, то было б лепш. Тым больш цяпер ва ўсім свеце такая абстаноўка, што нашу тэхніку перастала браць Украіна, менш бяруць Казахстан і Расея. Разумею, ёсць Іран, Індыя, але ж трэба заваяваць гэтыя рынкі збыту. А гэта цяжкавата, калі там ужо працуе тэхніка і амерыканская, і заходнееўрапейская.

У апошнія гады завод „Гомсельмаш” знаходзіцца ў крызіснай сітуацыі праз праблему з рынкамі збыту. З-за гэтага выпуск камбайнаў скараціўся ў некалькі разоў. Па выніку 1 квартала 2016 года чыстая страта прадпрыемства „Гомсельмаш” склала каля 990 мільярдаў недэнамінаваных рублёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель