Ідзе пошук сродкаў на новы гандлёвы цэнтр у Гародні



На працягу месяца павінна вырашыцца пытанне з фінансаваннем будаўніцтва найбуйнейшага гандлёвага цэнтру ў Беларусі. У Гародні збіраюцца пабудаваць цэнтр “Трыніці”, які сваімі гандлёвымі плошчамі зойме больш за 60 тысяч квадратных метраў.

trinity_grodno_project

“Папярэдні кантракт нядаўна падпісалі акцыянерныя таварыства Unibep SA з Бельска Падляшскага і “Трыніці Інвест” з Гародні”, – прыгадвае старшыня Савету дырэктароў бельскага прадпрыемства Ян Мікалушка:

Мы спрабуем разам з нашым інвестарам і кліентам атрымаць фінансаванне ў польскіх банках на вельмі выгадных для нашага кліента ўмовах. Думаю, што на працягу месяца гэтае пытанне вырашыцца. Калі мы атрымаем фінансаванне, то будзем мець прыгожы будынак у прыгожай Гародні – вялізны комплекс гандлёвы, офісны, забаўляльны. Калі ўсё атрымаецца, то гарадзенскі цэнтр будзе нашмат прыгажэйшы за Галерэю «Альфа», якую мы пабудавалі ў Беластоку.

РР: Пра якія грошы ідзе размова?

Каля 70 мільёнаў еўра. Праект гатовы. Працы ўжо ідуць, пакуль за свае грошы. Пра тэрміны здачы аб’екту пакуль рана казаць, пра гэта пагаворым пасля таго, як нашая фірма «ўвойдзе» на будоўлю ў Гародні.

Бельскае прадпрыемства Unibep SA ужо мае досвед працы ў Беларусі, бо ў мінулым годзе да чэмпіянату свету па хакеі пабудавала чатырохзоркавы гатэль Victoria у Менску. Гэта адзіная польская фірма, якая сёлета ў красавіку атрымала пяцігадовую ліцэнзію на будаўніцтва і генеральнае выкананне на тэрыторыі Беларусі.

Дамова на будаўніцтва гандлёвага цэнтру ў Гародні ўступіць у дзеянне пасля атрымання фінансавання. Цэнтр паўстане на перасячэнні праспектаў Кляцкова і Янкі Купалы.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  triniti-grodno.by