ІІ Усходні эканамічны кангрэс: Дыскусія пра памежжа



У Беластоку праходзіць ІІ Усходні эканамічны кангрэс, сёння, 25 верасня, тут пачаўся другі дзень працы.

DSC01640Многія праблемы польска-беларускага памежжа застаюцца нявырашанымі. Найперш, гэта візавыя перашкоды і адсутнасць малога памежнага руху, — каментуе сітуацыю дырэктар Дэпартаменту рэгіянальнага развіцця Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства Даніэль Гурскі. Ён кажа, што варта прыцягваць беларусаў не толькі ў гандлёвых, але таксама і ў турыстычных мэтах:

— У нашых планах заахвоціць гасцей з Усходу застацца з намі крыху даўжэй: наведаць оперу, тэатр, іншыя цудоўныя аб’екты ў ваяводстве, якія варта ўбачыць і наведаць. Каб у нас была нагода будаваць узаемнае суседства, што ў будучыні дапаможа нам мець добрыя міжсуседскія дачыненні і дапаможа развіццю гаспадаркі абедзвюх краінаў.

Даніэль Гурскі прыгадвае ініцыятыву Падляшскай оперы і філармоніі, калі беларусы мелі магчымасць атрымаць візу, набыўшы квіток у гэтую культурную ўстанову. І выказвае шкадаванне, што польскае Міністэрства замежных спраў спыніла такую практыку.

На Усходнім эканамічным кангрэсе ў Беластоку адбываецца дыскусія на тэму памежжа і памежнага руху.

* * *

«Сумежнае размяшчэнне Гарадзеншчыны і Падляшша абавязвае нас да шчыльнага ўзаемадзеяння», — падкрэслівае маршалак Падляшскага ваяводства Мечыслаў Башко, удзельнік ІІ  Усходняга эканамічнага кангрэсу ў Беластоку.

Асабліва актыўна, паводле яго, развіваюцца культурныя сувязі і кантакты паміж мясцовымі ўладамі, аднак, эканамічнае супрацоўніцтва не менш важнае:

— Для нас таксама важна, каб еўрарэгіён «Нёман» быў моцным, актыўным і служыў нашаму грамадству і з польскага, і з беларускага, і з літоўскага боку. Каб нас чулі ў Еўразвязе: што мы, ў нашым трохкутніку еўрарэгіёна «Нёман», можам разважна выкарыстаць фінансавыя сродкі, якія ёсць у новай перспектыве.

«Галоўная задача сумесных трансгранічных праектаў — зрабіць лепшым жыццё нашых жыхароў», — дадае маршалак Мечыслаў Башко. Ён прыгадаў, што цяпер, напрыклад, існуе прапанова ўвядзення бязвізавага рэжыму перамяшчэння на Аўгустоўскім канале.

Беларускае Радыё Рацыя, Беласток