Інфляцыя ў Беларусі за 2016 год склала 10,6%



Паводле звестак Белстата, у снежні 2016 года індэкс спажывецкіх цэн у адносінах да снежня 2015 года вырас на 10,6%, а ў параўнанні з лістападам 2016-га — на 0,5%.

У 2015 годзе інфляцыя склала 12%, што дакладна адпавядала прагнозу. У 2016 годзе ўрад чакаў рост спажывецкіх цэн у межах 12%.

Цэны на харчовыя тавары ў снежні ў параўнанні з лістападам 2016 года выраслі ў сярэднім на 1% (з пачатку мінулага года — на 10,4%). Нехарчовыя тавары патаннелі на 0,6% (падаражэлі на 6,8%), паслугі — падаражэлі на 1,1% (падаражэлі на 17,6%).

23 жніўня паводле вынікаў сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада і Нацбанка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў журналістам: „На жаль, у той матрыцы задач, якая вызначаная кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны, — гэта паказчык інфляцыі. Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што паводле вынікаў года, як і меркавалася, інфляцыя не перавысіць 12%”. На працягу першай паловы жніўня „нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязаная з сезонным фактарам”, дадаў Кабякоў.

У сваім нядаўнім прагнозе Еўразійскі банк развіцця ацэньваў, што інфляцыя паводле вынікаў 2016 года ў Беларусі можа скласці 12,6%.

Незалежныя эксперты прагназавалі зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары ўслед за змяншэннем рэальных даходаў насельніцтва.

Урад Беларусі разлічвае, што пры спрыяльных знешніх умовах рост ВУП у 2017 годзе складзе 1,7%, інфляцыя — 9%. Да 2020 года інфляцыю плануецца знізіць да 5%.

belapan.by