Інфляцыя ў Беларусі за кастрычнік склала 0,8%, з пачатку года — 9,2%



Паводле звестак Белстата, у кастрычніку 2016 года індэкс спажывецкіх цэн у дачыненні да снежня 2015 года вырас на 9,2%, а ў параўнанні з вераснем 2016-га — на 0,8%.

Цэны на харчовыя тавары ў кастрычніку ў параўнанні з вераснем выраслі ў сярэднім на 0,8% (з пачатку года — на 7,8%). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,3% (7,3%), паслугі — знізіліся на 0,3% (выраслі на 16%).

Нагадаем, 23 жніўня па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам урада і Нацбанка прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў паведаміў журналістам: „На жаль, у той матрыцы задач, якая вызначана кіраўніком дзяржавы, з сямі паказчыкаў выкананы адзін, але вельмі важны — гэта паказчык інфляцыі. Мы ўжо ўвайшлі ў нармальны рэжым і разлічваем, што па выніках года, як і меркавалася, інфляцыя не перавысіць 12%”. На працягу першай паловы жніўня „нават назіралася дэфляцыя, якая ў тым ліку звязана з сезонным фактарам”, дадаў Кабякоў.

На пашыраным пасяджэнні ўрада 9 жніўня прэм’ер-міністр таксама звярнуў увагу на зніжэнне інфляцыі. „Штомесяц пачынаючы з сакавіка запавольваецца інфляцыя. Другі месяц запар месячная інфляцыя знаходзіцца на ўзроўні 0,4%”, — сказаў ён.

Паводле нядаўняга прагнозу Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), інфляцыя па выніках 2016 года ў Беларусі складзе 12,6%. Да 2020 года ўрад плануе знізіць інфляцыю да 5%.

Незалежныя эксперты прагназуюць зніжэнне цэн на нехарчовыя тавары ўслед за памяншэннем рэальных даходаў насельніцтва.

БелаПАН