ІП Гарадзеншчыны не даплацілі ў бюджэт



Індывідуальныя прадпрымальнікі Гарадзеншчыны з пачатку 2015 года заплацілі ў бюджэт больш за 6 мільёнаў  даляраў падатку на дададзеную вартасць. Гэта на 10% менш, чым у мінулым годзе.

Дробныя бізнесоўцы апынуліся адзінай катэгорыяй падаткаплацельшчыкаў, ад каго падатковая інспекцыя недаатрымала запланаваную суму, якая перавысіла 500 тысяч даляраў.

Змяншэнне падаткаў тлумачыцца перад усім адмоўнымі ўмовамі працы і фінансавымі магчымасцямі жыхароў рэгіёна, зазначаюць прадпрымальнікі Прынёмання:

– 80% прадпрымальнікаў усё ж такі закрыюцца таму, што зрабіць сертыфікаты і аплаціць падатак на сённяшні дзень проста нерэальна. Народ неплацёжаздольны стаў.

– Людзі набываюць на рынку вельмі слаба, у нас знізілася ўсё. Людзі на рынак і не ходзяць практычна, толькі па вялікіх святах. Мы скінулі цану, мы зрабілі распродаж, каб людзі маглі сабе дазволіць нешта набыць.

З наступнага года індывідуальныя прадпрымальнікі Гарадзеншчыны зробяць значна меншы ўнёсак у бюджэт вобласці. У сувязі са зменамі ў заканадаўстве, большасць дробных бізнесоўцаў пасля навагодніх канікул не мае намеру вяртацца да сваёй дзейнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня