Кастрычніцкі эканамічны форум: рэформы жыццёва патрэбныя



На чарговым Кастрычніцкім эканамічным форуме, што прайшоў у Менску  размаўлялі пра рэформы. Чыноўнікі кажуць пра іх асцярожна, а незалежныя эканамісты, прадстаўнікі міжнародных фінансавых арганізацый, урадавых устаноў суседніх краін адзначаюць, што рэфармаванне эканомікі Беларусі крытычна важнае. Без прыватызацыі дзяржсектару, сістэмы дзяржкіравання, рынка працы – краіна пойдзе па шляху жабрацтва, – мяркуюць эканамісты.  Як заўважае старэйшы фінансавы аналітык міжнароднай кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб, адметнасць беларускай сітуацыі – залежнасці ад меркавання аднаго чалавека, кіраўніка дзяржавы.

– Мы знаходзімся ва ўнікальнай сітуацыі, калі пытанне: быць або ня быць рэформам упіраецца ў пазіцыю аднаго чалавека, у палітычную волю кіраўніка краіны. Ёсць сталае пачуццё і ўжо не першы год, што адносна неабходнасці рэформы ёсць поўны кансэнсус экспертаў, спецыялістаў у Нацыянальным банку, ва ўрадзе.

Зміцер Крук, навуковы супрацоўнік цэнтра BEROC, зазначае, што за мінулы год – ад якога эканамісты чакалі сур’ёзных перамен у беларускай эканоміцы – улады не пайшлі ні на адзін заўважны крок у гэтым накірунку.

– Калі мы 20-ы год абмяркоўваем адны і тыя ж пытанні: ці трэба прыватызаваць, ці трэба скарачаць дзяржаўны сектар і г.д., то хутчэй гэта зводзіцца да таго, што праблему вырашылі «забалбатаць». Давайце паглядзім хаця б на мінулы год. Было адчуванне, што вось ужо крытычная маса назапашвалася, што выспявае патрэба рэформаў. Так, сапраўды, на прафесійным узроўні, шмат хто гэта вызнае. Але давайце паглядзім, што зроблена за гэты год з пазіцыі структурных рэформаў. Шчыра адказваю: амаль нічога.

Між тым, як сведчаць апошнія паказчыкі, прыбыткі насельніцтва працягваюць рэкорднае падзенне за апошнія два гады. Валавы ўнутраны прадукт, паводле міжнародных экспертаў, у наступным годзе росту не пакажа. Затое нават па афіцыйнай статыстыцы павялічваецца колькасць беспрацоўных.

Беларускае Радыё Рацыя