Кіраўнік Дзяржкантролю гатовы арыштоўваць чыноўнікаў ЖКГ



Завяршылася праверка сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Фігуранты новых крымінальных спраў стануць вядомыя пасля падрыхтоўкі выніковага дакумента.

Кіраўнік Дзяржкантролю Леанід Анфімаў кажа, што гатовы хоць зараз арыштаваць палову чыноўнікаў ЖКГ:

– На эмоцыях я б мог сёння палову складу міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі арыштаваць, але якую рэакцыю гэта выкліча ў грамадстве? Я думаю, што неадназначную, можа быць, нават рэзка адмоўную пасля таго, як ўсё ўжо супакоілася і з тарыфамі на жыллёва-камунальную гаспадарку, і людзі ўбачылі жыроўкі. Яны даюць рэальнае ўяўленне пра тое, колькі трэба плаціць, за што плаціць. Камітэт дзяржаўнага кантролю і адпаведныя структуры ўраду, калі давалася даручэнне распрацаваць зразумелую і празрыстую сістэму аплаты за паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, мы гэтага выніку дасягнулі.

Жарсці вакол тарыфаў на паслугі ЖКГ узніклі пасля таго, як беларусы атрымалі жыроўкі за студзень. У залежнасці ад кватэры і колькасці чалавек лічба ў графе „за ўсё” вырасла на 40-70%. На нарадзе па гэтым пытанні Лукашэнка загадаў „надзець кайданкі тым, хто не выканаў даведзеныя па ягоным загадзе тарыфы”.

Беларускае Радыё Рацыя