Куды пайшлі сродкі на мадэрнізацыю?



Больш за чатыры трыльёны беларускіх рублёў было выдаткавана на мадэрнізацыю прадпрыемстваў на Берасцейшчыне за мінулы год, з якіх трыльён 300 мільярдаў з крэдытных рэсурсаў. Такія дадзеныя агучылі прадстаўнікі Берасцейскага абласнога выканаўчага камітэту. Прамысловыя прадпрыемствы вобласці прыцягнулі ў мадэрнізацыю самастойна 2 трыльёны 800 мільярдаў беларускіх рублёў.

Старшыня Прафсаюзаў Радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч падкрэсліў, што мадэрнізацыя прадпрыемстваў не вырашыла пытанне з працай у рэгіёне:

– Любая мадэрнізацыя прадугледжвае ці новыя тэхналогіі, ці выпуск новых прадуктаў харчавання, ці тавараў, якія сёння канкурэнтаздольныя і па цане і па якасці. Я не думаю, што Берасцейшчына гэтым можа сёння пахваліцца. Я думаю, што грамадзяне вельмі ўважліва прагледзяць гэтыя лічбы, і задумаюцца, куды пайшлі гэтыя грошы і што ў рэшце рэшт атрымалася.

“Акрамя таго, у гэтых грошах амаль няма замежнага інвестара, калі б ён быў, то грошы б выкарыстоўваліся мэтанакіравана і з канрэтнымі вынікамі, ці то колькасць новых працоўных месцаў, ці то новая лінія тавару”, – падагульніў Генадзь Фядыніч.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота luchenok.com