Курс беларускага рубля пачаў умацоўвацца?



„Цяперашні курс беларускага рубля ў Нацыянальным банку лічаць адэкватным і рэальным, адпаведным бягучай сітуацыі на грашова-валютным рынку краіны”.

Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Тарас Надольны.

Падводзячы вынікі працы ў Беларусі новага рэжыму валютных таргоў з выкарыстаннем падвойнага аўкцыёну, які пачаў дзейнічаць 1 чэрвеня, прадстаўнік Нацбанка адзначыў, што курс рубля зноў пачаў ўмацоўвацца і цяпер ён „адэкватны і рэальны”.

Леў Марголін

Эканаміст Леў Марголін часткова згодны з высновамі прадстаўніка Нацбанка:

– Тое, чаго ўдалося дабіцца Нацыянальнаму банку на сённяшні дзень, яно дае некаторыя падставы для аптымізму, такога больш-менш умеранага аптымізму. Можа і сапраўды ўдасца выйсці не на 18-20% інфляцыі, а на 14-16%, але гэта ўсё будзе залежыць ад таго, што будзе рабіцца перад выбарамі.

„Ці будуць атрымліваць выбаршчыкі-бюджэтнікі і пенсіянеры падарункі ад улады. Не выключана, што ўсе высілкі Нацыянальнага банка па правядзенню жорсткай грашовай палітыкі могуць не вытрымаць націску перадвыбарчай сітуацыі”, – адзначае Марголін.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя