Леанід Заіка: Дэнамінацыю трэба было праводзіць раней



Эканаміст Леанід Заіка распавёў, ці своечасова ў краіне правялі дэнамінацыю.

20101229_1311_leonid_zaiko_600

РР: Ці гатовы беларускі народ да дэнамінацыі?

Леанід Заіка: Народ тут пытаць не трэба, бо беларусы гатовы да ўсяго – да казак пра светлую будучыню і заробка ў тысячу даляраў. І ўсе кажуць: “Дайце абяцаную тысячу даляраў, я гэта заслужыў”. Таму беларускі народ у разлік наогул не прымаецца. А ўвогуле, дэнамінацыя – тэхнічная мера, каб не выглядаць смешнымі ў параўнанні з іншымі краінамі. Існуе ўсеагульны эквівалент – амерыканскі даляр, а любая грашовая адзінка павінна знаходзііца блізка да гэтых велічынь. Кратная розніца вызначаецца вытворчасцю працы. Таму тут усё проста. У ранейшыя часы ў ЗША была ў чатыры разы больш высокая вытворчасць працы, чым у СССР. Па асноўных відах навукова-тэхнічнага накірунку вытворчасць працы суадносілася, як адзін да двух, калі браць найбольш перадавыя вобласці – медыцыну, фармацыю, ракетную тэхніку.

Вось і ў Беларусі курс рубля да даляра – адзін да двух. Калі вытрымае – значыцца добра. Як вы думаеце, што нам зараз яшчэ важна зрабіць?  

РР: Стрымаць інфляцыю…

Леанід Заіка: Гэта і так зразумела, яе будуць стрымліваць. Зараз у людзей заробак – 300 даляраў, а ў наступным годзе будзе 306. Таму няхай на светлую будучыню народ не спадзяеца, ён павінен быць гатовы да горшага. А вось нам з вамі трэба пераканаць расейцаў таксама правесці дэнамінацыю – закрэсліць два нулі на расейскай грашовай адзінцы. Тады ў іх будзе за 1 даляр 67 капеек, як было пры Сталіне. А яны вельмі хочуць жыць, як пры Сталіне.

РР: Ці своечасова ў Беларусі правялі дэнамінацыю?

Леанід Заіка: Яе трэба было яшчэ раней рабіць. Неяк я пісаў, што тры нулі можа любы дурань закрэсліць, а вось чатыры – прафісіянальная праца. Відаць, нашы чыноўнікі адчулі сябе прафесіяналамі. А чаму раней не праводзілі? Не маглі разабрацца ў сітуацыі, не было больш-менш талковага кіраўніцтва ў Нацбанку. Калі б раней гэтым банкам кіравала моцная асоба, нулі закрэслілі б даўно, і рубель да даляра быў бы ў прапорцыі адзін да аднаго. Але лепш позна, чым ніколі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя