Леанід Заіка: У плюсе можна застацца, калі Еўрагульні будзе праводзіць Трамп



Эканаміст Леанід Заіка распавёў, ці заробіць краіна на Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе.

Леанід Заіка

Беларусь выдаткуе на арганізацыю і правядзенне II Еўрапейскіх гульняў каля $50 млн. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас сустрэчы з працоўным калектывам ААТ «Магілёўхімвалакно».

 «Мы палічылі, што нават у плюсе будзем. Нам трэба будзе выдаткаваць недзе пад $50 млн за гэтыя гады. Гэта слёзы для краіны. А можа, і таго не трэба: еўрапейцы сказалі, што дапамогуць», – аптымістычна дадаў Лукашэнка.

Леанід Заіка: У плюсе можна застацца, калі Еўрапейскія гульні ў Беларусі будзе праводзіць Трамп. Таму я прапаноўваю звязвацца з ім і сказаць: “Дональд, у цябе добра атрымліваецца праводзіць конкурсы прыгажосці і розныя шоу… Ці не дапамог бы ты правесці такое шоу і маладой беларускай краіне?” А без Трампа гэтыя спартыўныя гульні стануць наменклатурнымі. Мяркую, не абыйдзецца і без “распілавання” грошай. Калі будавалі лядовы палац у Чыжоўцы, там жа знайшлі і карумпаваныя схемы, і крадзяжы, і іншае. Таму не будзем маніць самі сабе – крадуць пры падрыхтоўцы такіх мерапрыемстваў. І мне вельмі цікава, як яны будуць красці ды яшчэ і ў плюсе заставацца.

РР: Мне здаецца, што 50 мільёнаў даляраў выдаткаў на правядзенне спаборніцтваў такога кшталту – гэта нейкая заніжаная сума…

Леанід Заіка: У Савецкім Саюзе 30 адсоткаў усіх будаўнічых работ былі прыпіскамі. Калі спраецыраваць гэта на сёняшнюю сітуацыю, то з 50 мільёнаў даляраў 15 мільёнаў былі б скрадзенымі прыпіскамі. Таксама раней была практыка, што ўсе каштарысы аказваліся ў 2-3 разы даражэйшымі. І, калі ў краіне знойдзецца чалавек, які скажа, што ён усё пабудаваў і арганізаваў па каштарысу, то гэтаму чалавеку трэба было б даваць званне Героя Беларусі. Кантрольныя службы ведаюць пра што я кажу. Таму слава і пашана будзе тым, хто пры арганізацыі Гульняў “упішацца” ў агучаную суму. Але, на мой погляд, гэта практычна немагчыма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя