Леў Марголін: Да новых умоваў змогуць прыстасавацца 20-30% ІП



Дагэтуль ніякіях дзеянняў і перамоў з расейскім бокам беларускія ўлады не праводзілі і нават аб такіх планах заяўлена не было. Як вядома беларускія прадпрымальнікі цяпер не могуць гандляваць таварамі лёгкай прамысловасці без сертыфікатаў, якія не могуць атрымаць на расейскіх аптовых рынках.

Дробныя бізнэсоўцы фактычна засталіся без працы з-за ўказа Аляксандра Лукашэнкі нумар 222 „Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі ды іншымі фізічнымі асобамі”.

Эканаміст Леў Марголін бачыць некалькі варыянтаў развіцця падзей:

– Варыянт першы: калі ва ўрадзе нехта задумаецца пра тое, што яны ўсё ж такі прадстаўляюць і гэтыя 30 тысяч ці нават больш грамадзян Беларусі і павінны неяк вырашаць і іхныя праблемы на міжурадавым узроўні. Калі гэтага не адбудзецца, то тады нейкая частка прадпрымальнікаў, я думаю, што меншая частка, можа 10-15 адсоткаў змогуць неяк выйсці на вытворцаў, завозіць тавар не з Масквы, а, напрыклад, з Турцыі, Кітая самастойна, і ўжо будуць мець неабходныя дакументы.

Яшчэ адзін варыянт, у сітуацыі калі нічога не зменіцца, Леў Марголін бычыць у магчымасці для прадпрымальнікаў перапрафіліравацца з турэцкага ці польскага адзення на беларускія тавары, тыя ж цацкі. Але выбар тут невялікі, і  гэта, па прагнозах эканаміста, атрымаецца зрабіць  10-15 працэнтам прадпрымальнікаў.

“Астатнія будуць вымушаныя шукаць іншыя спосабы зарабляць сабе на жыццё”, – гэта самы песімістычны прагноз Льва Марголіна.

11 студзеня адбудзецца форум, на якім ІП самі прымуць рашэнне па сваіх далейшых дзеяннях.

Беларускае Радыё Рацыя