Лукашэнка спадзяецца на азербайджанскую нафту



Беларусь гатовая супрацоўнічаць з Азербайджанам у нафтавай сферы на доўгую перспектыву. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 28 лістапада ў Баку на перамовах з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым у пашыраным фармаце.

„Калі ў вас ёсць цікавасць на рынку ў Еўропе, ды і не толькі ў Еўропе, давайце сядзем і дамовімся. Мы гатовыя на доўгую перспектыву працаваць з Азербайджанам у выпадку дамоўленасці”, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў лідару Азербайджана за нядаўнюю пастаўку нафты ў Беларусь: у кастрычніку на Мазырскі НПЗ паступіла каля 85 тыс. тон нафты. „Вы не першы раз нас падтрымліваеце, але гэта была разавая падтрымка. Я разумею, што любы вытворца нафты павінен мець стратэгію. Мы гатовы ў гэтым плане прасоўвацца настолькі далёка, наколькі гэта ў інтарэсах Азербайджана”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго слоў, партнёрства ў нафтавай сферы — гэта не галоўнае ў адносінах і перамовах паміж Беларуссю і Азербайджанам. „Але гэта важны кірунак нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне і зацікаўленасць — калі ласка. У нас два наймагутнейшыя, самыя сучасныя нафтаперапрацоўчыя заводы. Мы заканчваем іх мадэрнізацыю, выходзім на больш за 90% глыбіні перапрацоўкі нафты. Мы гатовыя разгледзець у дадзены момант і давальніцкія пастаўкі вашай нафты”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by