Людміла Бачыла: Для павышэння пенсій – магчымасцяў пакуль няма



Магчымасці Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не дазваляюць сёлета павышаць пенсіі, паведаміла кіраўніца фонда Людміла Бачыла, выступаючы на пашыраным пасяджэнні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

«Сітуацыя няпростая, пенсіянеры хочуць павышэння пенсій.  Яны прызвычаіліся да што-квартальнага пераразліку пенсій. На жаль, фінансавыя магчымасці не дазваляюць гэта рабіць», – заявіла Бачыла.

Эканамічны эксперт Антон Болтачка адзначае, што становішча ў беларускай эканоміцы аб“ектыўна не дазваляе ўладам падвышаць пенсіі:

– Цэлы шэраг прычынаў і ў першую чаргу гэта звязана з тым, што фінансавы стан прадпрыемстваў не самы лепшы. Узнікаюць пэўныя цяжкасці з тэмпамі росту заробкаў, ад якіх адпаведна залежыць папаўненне фонду сацыяльнай абароны. Напэўна, каб не абнадзёжваць катэгорыю насельніцтва, якая знаходзіцца ў пенсійным узросце, прадстаўнік сацыяльнага фонду і зрабіў такую заяву. 

Як адзначыла кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Людміла Бачыла, летась працоўныя пенсіі павышаліся тройчы: кожны раз у сярэднім на 5,5 працэнтаў. Паводле яе, заработная плата ня вырасла настолькі, каб можна было павысіць працоўныя пенсіі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя