“Міністрам Андрэя Тура чамусьці не ставілі…”



Эканаміст Барыс Жаліба распавёў пра тое, які след пакінуў пасля сябе Андрэй Тур.

Як паведамлялася, вядомы беларускі эканаміст Андрэй Тур памёр 31 мая на 63-м годзе жыцця ад цяжкай хваробы. З 1995 па 2011 гады ён працаваў намеснікам міністра эканомікі.

Барыс Жаліба: Андрэй Тур – адзін з нямногіх прафесараў, хто шмат гадоў адпрацаваў ва ўрадзе. Пры гэтым больш за пятнаццаць гадоў быў намеснікам міністра эканомікі, а вось міністрам чамусьці не ставілі. Хаця сам на сваёй пасадзе перажыў некалькі міністраў. Затым Тура ўзялі ў Адміністрацыю прэзідэнта на пасаду памочніка па эканоміцы. Нармальна працаваў. Наведваў нават канферэнцыі з удзелам незалежных эканамістаў, заўсёды выступаў і не баяўся палемікі. Даволі разумны быў эканаміст, а вось з Адміністрацыі сыйшоў, можна сказаць, па недарэчнасці. Калі Лукашэнка наведаў “Барысаўдрэў”, то тады, калі памятаеце, учыніў вялікі разнос чыноўнікам рознага кшталту. Пад “гарачую руку” трапіў і Андрэй Тур, хаця, на мой погляд, гэта была не падстава, каб прыбіраць чалавека з пасады.

РР: Андрэй Тур выступаў за рэформы?

Барыс Жаліба: Як талковы эканаміст, ён разумеў, што адбываецца, ведаў сітуацыю знутры, але што ён мог зрабіць, працуючы ў сістэме, якую самі ведаеце хто вызначае? Ён стаў закладнікам гэтай сістэмы.

РР: Былы намеснік міністра эканомікі – аўтар вядомага выраза “беларусы павінны жыць па сродках”…

Барыс Жаліба: Правільныя словы, тое самае кажа і сённяшні памочнік прэзідэнта па эканоміцы Кірыл Руды. І беларусы павінны жыць па сродках, і краіна, але найперш – чыноўнікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя