Місія МВФ завершаная, перамовы працягнуцца дыстанцыйна



Міжнародны валютны фонд і ўлады Беларусі дыстанцыйна прадоўжаць абмеркаванне мер эканамічнай палітыкі, вынікам якіх магла б стаць новая крэдытная праграма.

Місія МВФ пад кіраўніцтвам Пітэра Долмана знаходзілася з візітам у Менску з 9 па 20 лістапада. Мэта візіту заключалася ў ацэнцы змяненняў у эканоміцы, якія адбыліся ў апошні час, і абмеркаванні новай эканамічнай праграмы, якая магла б быць падтрыманая фінансавымі рэсурсамі МВФ.

Пасля завяршэння візіту Долман зрабіў наступную заяву: „Персанал МВФ і афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь дабіліся істотнага прагрэсу ў абмеркаванні мер эканамічнай палітыкі, якія маглі б быць падтрыманы дамоўленасцю аб трохгадовай праграме у межах Механізму пашыранага фінансавання (ЕФФ). Для абмеркавання некаторых пытанняў патрабуецца больш часу. У наступныя некалькі тыдняў прадугледжваецца дыстанцыйна прадоўжыць іх абмеркаванне”.

Напярэдадні міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі заявіў, што Беларусь практычна выйшла на новую праграму з МВФ. „Мы працуем у шчыльным рэжыме, па 14-16 гадзін у суткі, гэта працэс складаны, але тым не менш у нас ёсць поўнае разуменне пазіцыі МВФ”, — дадаў міністр эканомікі.

Новая праграма з фондам прадугледжвае атрыманне Беларуссю крэдыту да 3 млрд. долараў. Для рэалізацыі крэдытнай праграмы вясной гэтага года бакі падрыхтавалі дарожную карту па структурным рэфармаванні эканомікі.

Аднак міністр не стаў гаварыць аб змесце новай праграмы з МВФ, заявіўшы, што яна яшчэ ўдакладняецца і яе канчатковы варыянт будзе апублікаваны пазней.

БелаПАН