На фінансавы рынак Беларусі выйшла азіяцкая плацежная сістэма JCB



ААТ „Белінвестбанк” і JCB International Co., Ltd (Японія) падпісалі 10 кастрычніка ў Менску ліцэнзійнае пагадненне аб ажыццяўленні эквайрынгу картак плацежнай сістэмы JCB. Подпісы пад дакументам паставілі старшыня праўлення банка Генадзь Сысоеў і галоўны намеснік прэзідэнта JCB International Co., Ltd Кіміхіса Імада.

Як адзначыў Сысоеў, з падпісаннем гэтага пагаднення „Белінвестбанк” стаў першым банкам у Беларусі, які пачаў рэалізацыю праекта эквайрынгу банкаўскіх плацежных картак JCB. „Азіяцкі вектар развіцця набывае ўсё большае значэнне. З’яўленне на нашым рынку азіяцкай плацежнай сістэмы — заканамернае падзея. Усё больш бізнесменаў, турыстаў, студэнтаў прыязджаюць з гэтага рэгіёна, дзе гэтая плацежная сістэма прадстаўленая вельмі шырока. Наша сумесная праца дазволіць партнёрам з Японіі пашырыць сваю сетку прыёму плацежных картак на тэрыторыі Беларусі, а „Белінвестбанку” дапаможа адкрыць новыя магчымасці для кліентаў і ўзмацніць свае пазіцыі на рынку гандлёвага і банкаматнага эквайрынгу”, — адзначыў старшыня праўлення „Белінвестбанка”.

Ён спадзяецца, што ў недалёкай будучыні банк зможа ажыццяўляць эмісію картак JCB.

Паводле слоў Сысоева, сетка „Белінвестбанка” ў другім квартале 2017 года будзе цалкам гатовая да прыёму картак гэтай сістэмы. Гаворка ідзе пра тое, што ўжо ў наступным годзе ўсе трымальнікі картак JCB змогуць карыстацца імі больш як у 470 банкаматах і 200 інфакіёсках беларускага банка і аплачваць пакупкі ў сетцы яго партнёраў, якая сёння ўключае больш як 6 тыс. гандлёва-сэрвісных прадпрыемстваў на тэрыторыі Беларусі і пастаянна пашыраецца.

У сваю чаргу Кіміхіса Імада выказаў упэўненасць, што „партнёрства з „Белінвестбанкам”, які ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі, дазволіць значна пашырыць сетку прыёму картак плацежнай сістэмы JCB і паспрыяе развіццю плацежнай сістэмы Беларусі”.

JCB — найбуйнейшая плацежная сістэма Японіі і адна з пяці вядучых плацежных сістэм свету, заснаваная ў 1961 годзе. У 1981 годзе стала першай плацежнай сістэмай Азіі, якая выйшла на міжнародны рынак. Зараз карты JCB выпускаюцца ў 21 краіне. Згодна са звесткамі на сакавік 2016 года, у свеце налічваецца 95,6 млн трымальнікаў карт JCB і больш за 31,1 млн гандлёвых і сэрвісных прадпрыемстваў, якія прымаюць гэтыя карты да аплаты ў 190 краінах.

ААТ „Белінвестбанк” — адзін з найбуйнейшых дзяржаўных банкаў Беларусі, мае вялікую філіяльную сетку у краіне колькасцю прыблізна 150 структурных падраздзяленняў, а таксама прадстаўніцтва ў Польшчы.

belapan.by